Сапраўднай гордасцю навучальна-вопытнай базы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, размешчанай у Негарэльскім лясгасе (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці), з’яўляецца батанічны сад. Заснаваны ён у 1969 г. з мэтай забеспячэння вучэбнага працэсу па лесазнаўстве, дэндралогіі і іншых дысцыплінах.
Асновай для стварэння стаў дэндрарый, закладка якога вялася ў лясгасе з 1954 г. (праект С. Д. Георгіеўскага). У працах па яго фарміраванні прымалі ўдзел вядучыя вучоныя і спецыялісты, сярод якіх Б. Д. Жылкін, Ю. М. Азніеў, І. У. Гуняжэнка, Р. І. Харытановіч, А. Я. Міраненка, Н. М. Сахарава і інш. У аснову размяшчэння калекцыі дэндрарыя пакладзены батаніка-геаграфічны прынцып з выдзяленнем дэндрафлор Кітая і Японіі, Далёкага Усходу, Сібіры, Сярэдняй Азіі, Крыма і Каўказа, Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Побач былі сфарміраваны аддзяленне кветкава-дэкаратыўных раслін, інтрадукцыйны гадавальнік, цяплічная гаспадарка. Пачаліся феналагічныя назіранні за раслінамі сада і работы па паляпшэнні ўрадлівасці глебы, устанаўліваліся сувязі з батанічнымі ўстановамі СССР. У выніку актыўнага абмену насеннем да 1970 г. відавы склад батанічнага сада дасягнуў ужо больш за 500 відаў.
У сярэдзіне 1990-х гг. была праведзена інвентарызацыя дрэвавых раслін і распрацаваны праект партэрнай часткі батанічнага сада. Ім прадугледжвалася стварэнне калекцыі павойных раслін, рэгулярнага і пейзажнага паркаў (аўтары В. Г. Анціпаў, Н. А. Маказнак, Т. І. Іванова). Рэгулярная частка пабудавана на аснове радыяльна-кальцавой планіровачнай схемы з ракарыем у цэнтры, пейзажная – перакрыжаваннем двух выгнутых дарожак. У далейшым былі створаны дэкаратыўны вадаём, зона адпачынку, сад ценявых раслін, разарый, міксбордар, маўрытанскі газон. Сярод рэдкіх раслін сада – гінкга двухлопасцевы, піхта белая, хвоі аўстрыйская і горная, сумах. Сабраны значныя калекцыі лілейнікаў, флоксаў, півоняў. На базе калекцый батанічнага сада вядзецца навукова-даследчая работа па вывучэнні асаблівасцей росту і развіцця перспектыўных для азелянення населеных пунктаў дэкаратыўных травяністых і дрэвавых раслін, праводзяцца экскурсіі і практычныя заняткі студэнтаў розных навучальных устаноў. У батанічным садзе дзейнічае музей прыроды.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.