Гарадскі пасёлак у Віцебскім раёне, размешчаны на рацэ Вымнянка, каля возера Янавіцкае. За 38 км на паўднёвы ўсход ад Віцебска, 26 км ад чыгуначнай станцыі Лёзна. Аўтадарогай злучаны з гарадскім пасёлкам і станцыяй Лёзна і аўтадарогай Віцебск – Сураж.
У складзе Вялікага Княства Літоўскага было мястэчкам Віцебскага павета, належала Пацеям. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) – у складзе Расійскай імперыі, узяты ў казну. Янавічы ўваходзілі спачатку ў Суражскі, з 1866 г. – Віцебскі павет. У пачатку ХХ стагоддзя налічвалася больш за 2000 жыхароў, працавалі пачатковая школа, бальніца, млын, гарбарня, пяць сінагог. Ажыццяўляўся гандаль збожжам і лёнам. У 1920-я – 1930-я гг. у Янавічах дзейнічалі беларуская, руская і яўрэйская школы, клуб, бібліятэка, яўрэйскі тэатр, дзіцячы сад, спіртзавод, налічвалася больш за 1000 дамоў, з якіх 600 былі каменныя. З липеня 1924 г. мястэчка ўваходзіла ў БССР, з’яўлялася цэнтрам сельсавета Суражскага раёна Віцебскай акругі, з 1938 г. – Віцебскай вобласці. З 27 верасня 1938 г. Янавічы мелі статус гарадскога пасёлка. У 1939 г. тут жыло 2037 чалавек.
У Вялікую Айчынную вайну ў кастрычніку 1943 г. нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі пасёлак, за час акупацыі ў Янавічах і раёне яны загубілі 1800 жыхароў. У населеным пункце ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.
З 10 верасня 1957 г. да 20 студзеня 1960 г. Янавічы з’яўляліся цэнтрам Суражскага раёна. У 1960–1962 гг. і з 1966 г. – у Віцебскім, у 1962–1966 гг. – Лёзненскім раёнах. На 2007 г. тут пражывала 900 чалавек.
У цяперашні час тут працуюць філіял ААТ “Малако” (Віцебск), сярэдняя школа, дзіцячая дашкольная ўстанова, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, магазіны.
У Янавічах нарадзіліся: Герой Савецкага Саюза Рыгор Саламонавіч Гарфункін (1920–1943), кандыдат эканамічных навук, генерал-лейтэнант Майсей Іосіфавіч Сладкевіч (1906–1980), вучоны-лінгвіст, доктар філалагічных навук, перакладчык з моў хіндзі і урду, аўтар вучэбнікаў і слоўнікаў Залман Моўшавіч Дымшыц (1921–1990).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 годзе.