Са старажытных часоў віцебскія праваслаўныя прыходы адносіліся да Смаленскай або Полацкай епархій. У 1411 г. апошняя атрымала статус архіепіскапіі, і яе прадстаяцелю быў нададзены тытул архіепіскапа полацкага і віцебскага. З сярэдзіны XIV ст. тэрыторыю Полацкай епархіі складалі Віцебскае, Мсціслаўскае і Полацкае ваяводствы. У перыяд узмацнення Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) віцебскія землі заставаліся ў складзе Полацкай епархіі, якая ў сваю чаргу падпарадкоўвалася Літоўска-Навагрудскай мітраполіі (існавала з перапынкамі з 1316 да 1596 г.). Пасля ўзяцця Полацка войскамі Івана Грознага на працягу семнаццаці гадоў епіскапы ў епархію прызначаліся Маскоўскай мітраполіяй. У 1563 г. месцам свайго прабывання архіепіскап полацкі і віцебскі Варсанофій (Валах) выбраў Віцебск і яго падвор'е размясцілася на Успенскай горцы. Гэты год лічыцца гістарычнай датай заснавання Віцебскай епархіі. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 г. на беларускіх землях пачалося закрыццё праваслаўных храмаў, праводзілася канфіскацыя царкоўнай маёмасці. Вернікі адмаўляліся ад уніі і аб'ядноўваліся ў праваслаўныя брацтвы. Нягледзячы на супраціўленне, да канца ХVII ст. амаль усе цэрквы і манастыры Віцебшчыны былі абвешчаны ўніяцкімі, і на месцы праваслаўнай была створана Полацкая ўніяцкая епархія. У кароткі перыяд часовага аднаўлення праваслаўнай іерархіі (1620–1622) на Полацка-Віцебскую кафедру патрыярхам іерасулімскім Феафанам быў пастаўлены архіепіскап Мялецій Сматрыцкі, які кіраваў паствай праз пісьмовыя пасланні (сам знаходзіўся ў Віленскім Святадухаўскім манастыры). У нялёгкі для праваслаўных час царкоўнае жыццё на Віцебшчыне не спынялася. У 1623 г. на паўднёвай ускраіне Оршы (у старажытнасці Куцеінская слабада) быў заснаваны Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр (пры ім дзейнічала друкарня Спірыдона Собаля); у 1631 г. у Оршы на сродкі магната Б. Статкевіча і яго маці быў заснаваны Успенскі (Куцеінскі) жаночы манастыр; у 1633 г. аршанскім цівуном Б. Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С. Мірскім адноўлены Свята-Троіцкі (Маркаў) манастыр. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) віцебскія і полацкія прыходы былі ўключаны ў Пскоўскую епархію, а ў 1796 г. увайшлі ў склад новастворанай Беларускай з цэнтрам у Віцебску. Пасля далучэння ўсёй Віцебшчыны да Расіі Полацкую ўніяцкую епархію ліквідавалі. У 1833 г. была адноўлена Полацкая праваслаўная епархія, межы якой распаўсюджваліся на тэрыторыю Віцебскай, Віленскай і Курляндскай губерняў. Яе першым епіскапам стаў Смарагд (Крыжаноўскі). У Віцебску ў той час было толькі чатыры праваслаўныя прыходы: Свята-Благавешчанскі, Свята-Успенскі, Свята-Мікалаеўскі і адзін турэмны. Значнымі цэнтрамі праваслаўя заставаліся Віцебскі Свята-Духаў жаночы і Свята-Троіцкі мужчынскі манастыры. У верасні 1839 г. епіскапская кафедра з Полацка была пераведзена ў Віцебск. Епіскап Ісідор (Нікольскі) пасяліўся ў Свята-Троіцкім (Маркавым) манастыры.
З 1840 г. памеры Полацкай епархіі паменшыліся і сталі супадаць з адміністрацыйнымі межамі Віцебскай губерні. У 1856 г. у Віцебск была пераведзена Полацкая духоўная семінарыя (з 1871 г. называлася Віцебскай), у 1885 г. у горадзе дзейнічалі, акрамя семінарыі, тры духоўныя вучылішчы, працавалі царкоўна-прыходскія школы, у 1887 г. было створана Віцебскае епархіяльнае брацтва. Яго ганаровым членам стаў святы Іаан Кранштацкі, які наведаў Віцебск у 1906 г. На сродкі брацтва ў 1893 г. пры Свята-Мікалаеўскім кафедральным саборы быў адкрыты Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, дзе захоўваўся архіў старажытнай Полацкай епархіі. Адным з яго заснавальнікаў з'яўляўся вядомы краязнавец А.П. Сапуноў. Перад Першай сусветнай вайной у Віцебску налічвалася 32 праваслаўныя храмы. У сувязі з прыбліжэннем лініі фронту пачалася эвакуацыя царкоўнай маёмасці на ўсход. Многія каштоўныя абразы, кнігі, царкоўныя рэчы былі разрабаваны і страчаны. У час Другой сусветнай вайны пры адсутнасці сувязі з Масквой была створана Беларуская праваслаўная царква з кафедрай мітрапаліта ў Мінску. У 1942 г. на тэрыторыі Беларусі заснаваны шэсць епархій, у тым ліку Віцебская. Епіскапам віцебскім і полацкім стаў Афанасій (Мартас), які не змог выехаць у Віцебск у сувязі з абставінамі ваеннага часу. У другой палавіне 1944 г. епархія была скасавана, яе тэрыторыя ўвайшла ў падпарадкаванне мінска-беларускага епіскапа, з 1989 г. знаходзілася ў складзе Полацкай епархіі.
10 мая 1992 г. паводле пастановы Сінода Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускага экзархата) Віцебская епархія адноўлена як асобная царкоўна-адміністрацыйная адзінка, кананічная частка Беларускай праваслаўнай царквы. У яе межы ўключаны тэрыторыі Аршанскага, Бешанковіцкага, Віцебскага, Гарадоцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Лёзненскага, Сенненскага, Талачынскага, Чашніцкага, Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці. Епархія падзяляецца на парафіяльныя акругі на чале з благачыннымі, якія назначаюцца епархіяльным архіерэем. Сёння ў Віцебскай епархіі 2 акругі – Віцебская і Аршанская, якія ўключаюць у сябе 21 благачынне (6 гарадскіх (4 у Віцебску і 2 у Оршы), 14 раённых і 1 благачынне манастыроў)). Віцебская епархія аб'ядноўвае 165 прыходаў (якія маюць юрыдычную рэгістрацыю) і 6 манастыроў (2 мужчынскіх і 4 жаночых). Духоўнымі навучальнымі ўстановамі епархіі з'яўляюцца Віцебская духоўная семінарыя, Віцебская жаночае духоўнае вучылішча і Аршанскае духоўнае вучылішча. У епархіі выдаецца газета «Наше Праваславие». Выканаўча-распарадчым органам епархіі, што знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам архіерэя, з'яўляецца епархіяльнае ўпраўленне, якое мае сваю канцылярыю, бухгалтэрыю, архіў і іншыя дапаможныя аддзелы, што забяспечваюць розныя віды дзейнасці. З 1992 г. правячым архірэем епархіі зъяўляецца епіскап віцебскі і аршанскі Дзімітрый (Драздоў).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.