Краткая справка:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Выгонощанское (русский);
Предыдущие названия:
Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння "Выганашчанскае"
2802 символа
Справка
Гідралагічны (з 2007 г. ландшафтны) заказнік рэспубліканскага значэння "Выганашчанскае" быў створаны на тэрыторыі Івацэвіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці ў 1968 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў натуральным стане аднайменнага балота, якое рэгулюе жыўленне рэк Шчары, Грыўды і Цны. Заказнік атрымаў статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі (1998) і Рамсарскага ўгоддзя міжнароднага значэння (2013).
Ахоўная тэрыторыя плошчай 54,6 тыс. га размешчана на азёрна-балотнай нізіне і ўяўляе сабой буйнейшы ў Беларусі комплекс дробналісцёвых забалочаных лясоў, галоўным чынам бярэзнікаў і алешнікаў, балот нізіннага і змяшанага тыпаў, рачных пойм і вялікіх мелкаводных азёр. Возера Выганашчанскае пры дапамозе Агінскага канала, узведзенага ў XVIІI ст., злучаецца з рэкамі Шчарай і Ясельдай. На ўсёй тэрыторыі захаваліся старыя меліярацыйныя каналы.
Флора заказніка налічвае больш за 500 відаў сасудзістых раслін. З рэдкіх тут сустракаюцца купальнік горны, баранец звычайны, наяда вялікая, мякатніца адналістая, венерын чаравічак сапраўдны, бяроза нізкая, вярба чарнічная. Маюцца буйныя запасы лекавых раслін: ландыша майскага, купены духмянай, каліны звычайнай, маліны, святаянніку прадзіраўленага, валяр’яну лекавага, крываўніку звычайнага. На балотах шмат журавін, чарніц і дурніц. Упрыгожаннем лясоў сталі шматвяковыя дубы, узрост некаторых з якіх дасягае 600 гадоў.
Заказнік насяляюць зубр, алень, казуля, дзік, янотападобны сабака, бабёр, андатра, норка, лісіца, заяц. Тут жывуць адна з найбуйнейшых у Беларусі груповак лася і адна з найбуйнейшых у Цэнтральнай Еўропе папуляцый гадзюкі – каштоўнага прамысловага віду. Сярод рэдкіх жывёл тут можна сустрэць барсука, рысь, арэшнікавую соню, малую вячэрніцу, паўночнага кажанка, шчыгрынавага і рашэцістага жужаляў, мохавага чмяля, медыцынскую п’яўку, вялікага сплаўнога павука і інш. Цяжкадаступнасць тэрыторыі стварыла спрыяльныя ўмовы для пасялення тут больш за 200 відаў птушак, 184 з якіх гняздуюцца. Зарэгістраваны віды, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вяртлявая чарацянка, вялікі арлец, дубальт, драч, вялікі кулён, вялікі грыцук. Унікальнасць заказніку надаюць захаванне тут адной з апошніх на Палессі папуляцый барадатай кугакаўкі і заходнееўрапейскага падвіду глушца, рэгулярнае гнездаванне некалькіх пар арлана-белахвоста.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Тут абсталяваны экалагічная сцежка і аглядныя пляцоўкі, распрацаваны пешыя і веласіпедныя турыстычныя маршруты, у тым ліку для назірання за арнітафаўнай. Арганізуюцца водныя вандроўкі па Агінскім канале. На берагах азёр маюцца базы для адпачынку і гасцініца. У вызначаныя тэрміны дазволена паляванне і рыбалка. Адміністрацыйны цэнтр заказніка размяшчаецца ў г.п. Целяханы (Івацэвіцкі раён).