Названия на других языках:
"Belaya Vezha" (английский);
2543 символа
Справка
Стала ўжо добрай традыцыяй восенню збіраць у Брэсце прыхільнікаў тэатральнага мастацтва на цудоўнае свята – Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. Мерапрыемства з кожным годам набывае значнасць і аўтарытэт у тэатральным свеце, развіваюцца творчыя кантакты, якія спрыяюць пашырэнню яго геаграфіі. “Белая вежа” збірае на свае сцэнічныя пляцоўкі шырокае і вельмі прадстаўнічае кола тэатраў драмы і лялек, выдатных артыстаў і рэжысёраў, драматургаў, даследчыкаў сцэнічнай творчасці, знакамітых прадстаўнікоў тэатральнага мастацтва многіх краін свету. Арганізатарамі з’яўляюцца Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў. Садзейнічанне развіццю і папулярызацыі беларускага тэатральнага мастацтва – асноўная мэта фестывалю. Праводзіцца ён з кастрычніка 1996 г. Назва паходзіць ад вядомай Белай вежы, што ў Камянцы, на пляцоўцы каля якой некалькі першых гадоў праходзіла адкрыццё фестывалю. У мерапрыемстве прымалі ўдзел тэатры з Беларусі, краін СНД, Балтыі, Заходняй і Усходняй Еўропы і інш. Унікальнасць “Белай вежы” ў тым, што праграма васьмі фестывальных дзён аб’ядноўвае ўвесь спектр жанраў сучаснага тэатральнага мастацтва. Гэта акадэмічная і сучасная эксперыментальная драма, музычная і рамантычная камедыя, трагедыя, паэтычная п’еса, сучасная пантаміма, этнамюзікл, лялечныя спектаклі, шоу марыянетак, балет, вулічныя прадстаўленні і інш. На фестывалі працуе міжнароднае журы, у склад якога ўваходзяць вядомыя і аўтарытэтныя спецыялісты. Сярод намінацый – “Лепшы спектакль” (Гран-пры), “Лепшая жаночая роля”, “Лепшая мужчынская роля”, “Лепшы тэатральны эксперымент”. Уручаюцца спецыяльны прыз цэнтра УНІМА (Міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек пры ЮНЕСКА), спецыяльныя прызы журы фестывалю.
Фестываль стаў буйным навукова-адукацыйным цэнтрам. У рамках “Белай вежы” штогод працуюць майстар-класы, праводзяцца навуковыя канферэнцыі і семінары, арганізуюцца выстаўкі і прэзентацыі навуковай літаратуры і драматургіі. Падобныя мерапрыемствы даюць магчымасць прафесійнага абмену і спрыяюць навуковым даследаванням у тэатральнай сферы. У ліку ганаровых гасцей на кожным фестывалі прысутнічаюць тэатральныя прадзюсары і дырэктары іншых міжнародных тэатральных фестываляў, што дае новыя магчымасці для тэатраў-удзельнікаў. Фестываль у прыгранічным Брэсце, які займае выгаднае геаграфічнае становішча, адкрыў для Еўропы многія імёны і калектывы, чыя творчасць зараз вельмі запатрабавана.