Дата начала: 1256 Свіслацкі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка: горад, цэнтр Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці
Названия на других языках: Свислочь (русский);
Свіслач – горад у Гродзенскай вобласці, цэнтр Свіслацкага раёна. Знаходзіцца за 90 км на поўдзень ад Гродна, у 3 км ад аднайменнай чыгуначнай станцыі на лініі Ваўкавыск – Свіслач. Аўтадарогамі злучаны з Гроднам, Ваўкавыскам, Поразавам. Размешчаны каля вытоку ракі Свіслачы (басейн ракі Нёмана).
Паселішча вядома з 1256 г., калі, паводле Іпацьеўскага летапісу, князь свіслацкі Ізяслаў удзельнічаў у паходзе на яцвягаў галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў разам з новагародскім князем Раманам Данілавічам і ваўкавыскім князем Глебам. У XV – пачатку XVI ст. у пісьмовых крыніцах Свіслач згадваецца як велікакняжацкае ўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім. З 1507 г. знаходзілася ў складзе Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства, у 1523 г. стала мястэчкам. З сярэдзіны XVI ст. да першай паловы XIX ст. Свіслач у розны час належала Заслаўскім, Хадкевічам, Крышпінам-Кіршэнштэйнам, Тышкевічам. У 1668 г. быў пабудаваны драўляны Троіцкі касцёл (разбураны ў час Вялікай Айчыннай вайны), пры якім дзейнічала парафіяльная школа.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. мястэчка далучана да Расійскай імперыі ў склад Ваўкавыскага павета Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. Асаблівым перыядам у развіцці Свіслачы з’яўлялася другая палова XVIII ст., калі яе ўладальнікам стаў граф Вінцэнт Тышкевіч. Ён зрабіў рэканструкцыю мястэчка, пабудаваў у цэнтры Свіслачы рыначную плошчу, на якой праводзіліся кірмашы. У ХІХ ст. у сядзібе Тышкевіча быў закладзены парк, дзе знаходзіліся аранжарэя, звярынец, альтанкі, гаспадарчыя пабудовы (не захаваліся). У 1804 г. на яго сродкі ў Свіслачы заснавана гімназія.
Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку пражывала 3034 жыхары, дзейнічалі валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, сінагога, паштова-тэлеграфная станцыя, 2 збожжазапасныя магазіны, сельская лячэбніца, праводзіліся 3 кірмашы ў год. У 1904 г. каля Свіслачы пабудавана чыгуначная станцыя і пачаўся рух цягнікоў на лініі Ваўкавыск – Свіслач. У 1908 г. у мястэчку адкрылася гарадское вучылішча, якое ў пачатку 1913 г. пераўтворана ў вышэйшае пачатковае. 1 студзеня 1919 г. Свіслач увайшла ў БССР, з красавіка 1919 г. акупіравана польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора ў сакавіку 1921 г. адышла да Польшчы як цэнтр Свіслацкай гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства. З лістапада 1939 г. Свіслач зноў уключана ў склад БССР, з 15 студзеня 1940 г. атрымала статус гарадскога пасёлка і стала цэнтрам Свіслацкага раёна Беластоцкай вобласці.
26 чэрвеня 1941 г. Свіслач была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў пасёлку і раёне 4859 грамадзян, у тым ліку ў створаным гета 1536 чалавек. У гады акупацыі дзейнічалі свіслацкія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Пасёлак вызвалены 17 ліпеня 1944 г. часцямі 5-й і 217-й стралковых дывізій 3-й арміі 1-га Беларускага фронту. 20 верасня 1944 г. Свіслач увайшла ў склад Гродзенскай вобласці.
У 1969, 1978 і 2012 гг. распрацаваны генеральныя планы гарадскога пасёлка. У архітэктурна-планіровачнай структуры Свіслачы пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу, у цэнтральнай частцы ўзведзены двух- і пяціпавярховыя жылыя дамы. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр сфарміраваны на плошчы Карла Маркса.
11 верасня 2000 г. Свіслач атрымала статус горада. У 2007 г. зацверджаны афіцыйны герб: у верхнім зялёным полі варажскага шчыта выява зубра залатога колеру, у ніжнім чырвоным – фрагмент фасада будынка Свіслацкай гімназіі.
У цяперашні час у горадзе працуюць сярэдняя школа, 2 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, гімназія, дзіцячая школа мастацтваў, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр культуры і народнай творчасці, раённая бібліятэка, гісторыка-краязнаўчы музей, цэнтральная раённая бальніца. Дзейнічаюць КУП бытавога абслугоўвання насельніцтва, РУП жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інш. Выдаецца “Свіслацкая газета”. Раз у два гады ў Свіслачы праходзіць экалагічнае свята «Гамоняць пушчы беларускiя…», з 2022 г. ладзіцца рэспубліканскі фестываль “Бацькава булка”.
У горадзе знаходзяцца мемарыяльны комплекс “Асілак”, брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Захаваліся помнікі архітэктуры: будынак былой сінагогі (ХІХ ст.), Крыжаўзвіжанская царква (ХІХ ст.), будынкі гімназіі (1804). Помнікам садова-паркавага мастацтва з’яўляецца парк былой сядзібы Тышкевічаў (ХІХ ст.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
