Заказнік-журавіннік (з 2007 г. біялагічны заказнік) рэспубліканскага значэння “Чыркавіцкі” быў створаны ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці ў 1979 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане месцаў росту журавін.
Ахоўная тэрыторыя плошчай 461 га размешчана на пласкахвалістай тэрасе р. Мольчы і ўключае нізіннае балота Непраходнае і вярховае балота Далёкае. Лясы займаюць больш за 90 % тэрыторыі і складаюцца ў асноўным з хвоі, нязначнай колькасці бярозы, дуба, чорнай алешыны і асіны. У паўднёвай частцы заказніка растуць паўночнаамерыканскі від хвоі Банкса, інтрадукаваныя віды іргі каласістай і шыпшыны Шэрарда. У складзе флоры зарэгістравана 427 відаў сасудзістых раслін. Маюцца значныя запасы лекавых і харчовых: сон раскрыты, валошка фрыгійская, пальчатакарэннік Фукса, званочак персікалісты, зуброўка паўднёвая, чарніцы, дурніцы, маліны, брусніцы, журавіны. Сустракаецца рэдкі лекавы і харчовы грыб – вясёлка звычайная.
Заказнік з’яўляецца папулярным месцам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў распрацаваны пешыя і веласіпедныя маршруты, абсталяваны месцы для адпачынку. У вызначаныя тэрміны дазволена паляванне і збор ягад.