Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння Швакшты размешчаны ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Створаны пастановамі Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25.09.1996 г. № 631 і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23.05.2001 г. № 745 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму ў басейне р. Страча і захавання ў натуральным стане ўнікальнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін і жывёл. Агульная плошча складае 5517 га.
Швакшты ўяўляюць сабой леса-азёрны ландшафтны комплекс. Тэрыторыя знаходзіцца на мяжы паміж дзвюх вялікіх фізіка-геаграфічных раёнаў – Свенцянскім узвышшы і Нарачанска-Вілейскай раўнінай. Рэльеф нізінны, які сфарміраваўся ў выніку дзейнасці паазерскага ледніка. У эпоху раставання ледніка на гэтай тэрыторыі размяшчаўся вялікі прыледніковы вадаём. На яго месцы ўтварылася пясчаная забалочаная нізіна, на якой захаваліся невялікія павышэнні, а таксама шматлікія пясчаныя дзюны.
Цэнтральным ядром заказніка з'яўляюцца азёры Вялікія і Малыя Швакшты, якія разам з Блакітнымі азёрамі і балотнымі масівамі ўяўляюць адзіную гідралагічную сістэму. Дакладнае месцазнаходжанне Вялікіх Швакштаў вызначаецца басейнам р. Страча, за 22 км у паўднёва-заходнім напрамку ад г. Паставы і за 8 км у паўночна-заходнім ад в. Нарач. Возера мае невысокія схілы катлавіны да 6 м, берагі нізкія, пясчаныя, густа парослыя хмызняком. На Захадзе тарфяністыя і сплавінныя. Паўночна-ўсходняя частка вадаёма пад лесам. Возера Малыя Швакшты таксама ўваходзіць у басейн р. Страча, яго можна знайсці каля в. Папоўцы. Схілы вадаёма дасягаюць 3–4 м. Берагі нізкія, злёгку забалочаныя. На возеры ўтварылася два астравы. Вадаёмы паміж сабой злучаны пратокай. Катлавіны гэтых азёр запоўнены магутнымі адкладамі высакаякаснага сапрапелю (бальнеалагічнай сыравіны для лячэння розных захворванняў). Тут водзяцца сом, плотка, карась, лешч, шчупак, вугор, карп, сазан, акунь, краснапёрка, лінь і інш.
Пад ляснымі масівамі ў заказніку знаходзіцца прыкладна 60% ад агульнай тэрыторыі: хвойнікі (55 %), драбналістыя (28 %), ельнікі (17 %). У склад заказніка ўключаны і некаторыя балотныя ўчасткі рознага тыпу, якія некрануты меліярацыяй, што дазваляе разглядаць іх як прыродную лабараторыю балотазнаўцаў.
На тэрыторыі выяўлена нямала рэдкіх і знікаючых відаў раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: тайнікі сэрцападобны і яйцападобны, ладдзян трохнадрэзаны, ятрышнік дрэмлік, пустапялёснік зялёны, асака птушканожкавая, марошка прысадзістая, бяроза карлікавая. Фаўна прадстаўлена 129 відамі наземных пазваночных. Тут гняздуецца 10 відаў птушак, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: чайка малая, гогаль звычайны, бугай вялікі, журавель шэры, кулон вялікі, сава балотная і інш.
Сёння на прасторах заказніка Швакшты ідзе актыўнае выкарыстанне яго гідрарэсурсаў. Тут ажыццяўляецца рыбаводства. Для гэтых мэт вадаёмы пастаянна зарыбляюць такімі відамі, як карп, срэбны карась і сазан. Мясцовым жыхарам дазволена рыбачыць на азёрах, а таксама карыстацца вадой для ўласных патрэб. Здабыча сапрапелю толькі на карысць азёрам – спрыяе іх амаладжэнню.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.