Дата начала:
21.02.1986 Мазырскі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Мозырские овраги (русский);
2801 символ
Справка
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Мазырскія яры» размешчаны ў межах г. Мазыр і Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Заснаваны пастановай Савета Міністраў БССР ад 21.02.1986 г. № 60, пераўтвораны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2007 г. № 1833 з мэтай захавання ў натуральным стане ўнікальных прыродна-ландшафтных экалагічных сістэм, дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама іх месцаў распаўсюджвання. Агульная плошча заказніка складае 1019,77 га. Ён уяўляе сабой тэрыторыю з моцна расчлянёным рэльефам, што складаецца з густой сеткі яроў, размешчаных у паўночна-заходняй частцы Мазырскай грады на вышыні 150–200 м, якая з'яўляецца максімальнай для рэгіёна Беларускага Палесся. У асобных месцах шчыльнасць яроў складае да 30 шт/кв. км., глыбіня расчлянення дасягае да 80 м. на кв. км. Града складзена з пяскоў, пясчана-гравійнага матэрыялу, марэнных супескаў і суглінкаў. Высокі гравітацыйны патэнцыял рэльефу спрыяе актыўнаму развіццю эрозіі і схілавых працэсаў.
Большасць схілаў пакрыты бярозавымі, хваёвымі, дубовымі, грабавымі, чорнаальховымі лясамі. Сустракаюцца клён, вяз, ліпа, бук, піхта і іншыя пароды дрэў. Сярод асабліва каштоўных раслінных згуртаванняў – высокаўзроставыя сасновыя лясы (да 120 гадоў), дубовыя лясы (да 80 гадоў), грабавыя лясы (да 80 гадоў). Флора заказніка прадстаўлена больш чым 800 відамі сасудзістых раслін, у тым ліку занесенымі ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: венерын чаравічак сапраўдны, гусіная цыбуля пакрывальцавая, званочак сібірскі, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, лілея кучаравістая, мнаганожка звычайная, касач сібірскі, дрок германскі і інш. Шмат гаспадарча-карысных раслін, у тым ліку ажына, барбарыс, маліна, каліна, шыпшына і інш.
Багаты і разнастайны жывёльны свет. Зарэгістравана больш за 20 відаў млекакормячых. Сустракаюцца казуля, лось, дзікі кабан, звычайная вавёрка, зайцы бяляк і русак, белагруды вожык і інш. Сярод драпежных відаў ёсць звычайная лісіца, янотападобны сабака, лясная куніца. Рэдка сустракаюцца каменная куніца, гарнастай, ласка.
Арнітафаўна заказніка прадстаўлена вялікай відавой разнастайнасцю. Тут сустракаюцца палявы жаваранак, круцігалоўка, валасянка садовая, валасянка-чорнагаловік, зялёны перасмешнік, пярэсты дзяцел, мухалоўка-пяструшка, івалга, перавозчык, лугавы конік, ястраб-перапёлачнік, вушастая сава і інш.
У заказніку арганізованы турыстычныя экалагічныя сцежкі, дзе экскурсанты знаёмяцца з аб'ектамі прыроды, флорай і фаўнай. На тэрыторыі «Мазырскіх яроў» існуюць вялікая і малая сцежкі. Вялікая мае працягласць 6 км, разлічана на 3–4 гадзіны экскурсійнага часу. Малая сцежка працягнулася на 2 км, час яе праходжання 2 гадзіны.