Магілёўская губерня – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, утвораная ў выніку Першага падзелу Рэчы Паспалітай паводле ўказа Кацярыны II ад 28 мая (8 чэрвеня) 1772 г. з цэнтрам у г. Магілёве. Уключала Аршанскую, Магілёўскую, Мсціслаўскую і Рагачоўскую правінцыі. 22 сакавіка 1777 г. падзелена на 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840 г.), Беліцкі (у 1852 г. перайменаваны ў Гомельскі), Клімавіцкі, Копыскі (у 1861 г. перайменаваны ў Горацкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (у 1852 г. перайменаваны ў Быхаўскі), Чавускі і Чэрыкаўскі. У 1778 г. перайменавана ў Магілёўскае намесніцтва, якое 12 (23) снежня 1796 г. скасавана, а паветы ўвайшлі ў склад Беларускай губерні. Магілёўская губерня была адноўлена 27 лютага (11 сакавіка) 1802 г. у складзе ранейшых 12 паветаў, якія падзялялі на 39 станаў і 147 валасцей. Уваходзіла ў склад Віцебскага, Магілёўскага і Смаленскага генерал-губернатарстваў, у 1863–1869 гг. – Віленскага генерал-губернатарства. Некаторыя гарады, у тым ліку Магілёў і павятовыя цэнтры Быхаў, Клімавічы, Мсціслаў, Чавусы і Чэрыкаў, атрымалі генеральныя планы архітэктурна-планіровачнага развіцця. Паводле перапісу 1897 г. тэрыторыя губерні складала 42 134 кв. вярсты, насельніцтва 1686,7 тыс. чалавек. Па саслоўным падзеле: дваран 27,7 тыс., духавенства 6,4 тыс., купцоў 3,5 тыс., мяшчан 291,8 тыс., сялян 1 351,5 тыс. Паводле веравызнання: праваслаўных 1 402,2 тыс., старавераў 23,3 тыс., католікаў 50,1 тыс., пратэстантаў 6,9 тыс., іўдзеяў 203,9 тыс., мусульман 184 чалавекі. Пісьменнага насельніцтва 16,9%, у гарадах – 45%.
Па тэрыторыі Магілёўскай губерні ў ХІХ ст. праходзілі чыгункі: Маскоўска-Брэсцкая, Лібава-Роменская, Арлоўска-Віцебская, Гомельска-Бранская. Дзейнічалі фабрыкі – цукровыя, канатныя, тытунёвыя, лесапільныя, пераважалі вінакурныя заводы, маслабойні. Сяляне займаліся саматужнымі промысламі. Гарады Магілёўшчыны мелі гандлёвыя сувязі з гарадамі Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, з’яўляліся транзітнымі пунктамі гандлю купцоў з краінамі Заходняй Еўропы. На агульны рынак пастаўляла лес, сукно, скуру, пяньку, лён, гародніну, садавіну.
З 1884 г. у губерні налічвалася 2 гімназіі і прагімназіі, 4 гарадскія, 5 павятовых, 13 прыходскіх, 207 пачатковых вучылішчаў; жаночае, 4 мужчынскія духоўныя вучылішчы, праваслаўная семінарыя, 310 царкоўна-прыходскіх школ, 1 138 школ пісьменнасці; 6 яўрэйскіх пачатковых вучылішчаў, 3 вышэйшыя і 149 пачатковых яўрэйскіх рэлігійных школ, 10 прыватных вучылішчаў; земляробчае і рамеснае вучылішчы ў Горках, чыгуначнае ў Гомелі, фельчарская школа і школа павітух у Магілёве; 59 бальніц і 47 прыёмных пакояў; 20 бібліятэк, 17 кніжных крам, 11 друкарняў, губернскі музей у Магілёве.
Губерня ўваходзіла ў Магілёўскую праваслаўную і Магілёўскую каталіцкую епархіі. У канцы ХІХ ст. налічвалася 804 праваслаўныя царквы, 6 мужчынскіх і 5 жаночых манастыроў, 30 касцёлаў, 2 лютэранскія кірхі, 29 адзінаверскіх цэркваў і стараверскіх малітоўных дамоў.
З верасня 1917 г. губерня ўвайшла ў склад Заходняй вобласці. У кастрычніку 1917 – студзені 1918 г. савецкая ўлада была ўстаноўлена ва ўсіх гарадах і вёсках, з 1 студзеня 1919 г. Магілёўшчына ў складзе БССР, з лютага – у РСФСР. 11 ліпеня 1919 г. Магілёўская губерня скасавана, а дзевяць яе паветаў увайшлі ў Гомельскую губерню, Мсціслаўскі павет перададзены Смаленскай, Сенненскі – Віцебскай губерням. У студзені 1938 г. была ўтворана Магілёўская вобласць у складзе 21 раёна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна.