Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі – адна з вядомых музычных устаноў краіны, якая мае даўнюю гісторыю з багатымі традыцыямі.
Яе адкрыццё звязана з агульным уздымам культурнага жыцця ў Беларусі ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. У 1920 г. у Мінску была створана народная кансерваторыя. Яе педагогі наладжвалі канцэрты, дзе выконваліся класічная музыка, песні, творы беларускіх і рускіх кампазітараў. У кастрычніку 1924 г. было прынята рашэнне аб стварэнні Мінскага музычнага тэхнікума, які ў свой час адыграў выключную ролю ў фарміраванні нацыянальных музычных кадраў і развіцці беларускай музычнай культуры. Першым яго дырэктарам стаў знакаміты скрыпач, выпускнік Пецярбургскай кансерваторыі А. Бяссмертны. Навучальная ўстанова праводзіла набор у класы раяля, скрыпкі, віяланчэлі, тэорыі кампазіцыі, выкладаліся музычна-тэарэтычныя дысцыпліны. Да пачатку 1925/26 навучальнага года ўжо былі фартэпіянны, струнны, вакальны класы, клас духавых і народных інструментаў, балетны і інструктарскі класы.
З першых гадоў працы ў навучальнай установе вялася актыўная канцэртная і музычна-асветніцкая дзейнасць. Тэхнікум стаў базай для стварэння вядучых музычных калектываў Беларусі, музычна-культурных і адукацыйных устаноў. У 1926/27 навучальным годзе ўпершыню выступіў вялікі сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам А. Бяссмертнага, у рэпертуары якога былі творы А. Глазунова, В. Каліннікава, Р. Пукста, Я. Цікоцкага, М. Чуркіна, І. Гайдна, Л. ван Бетховена. Былі падрыхтаваны цыклы канцэртаў, што знаёмілі слухачоў з класічнымі творамі розных нацыянальных школ, цыкламі канцэртаў камернай, у тым ліку беларускай музыкі. Першыя беларускія пастаноўкі опер “Фаўст” Ш. Гуно, “Русалка” А. Даргамыжскага, “Севільскі цырульнік” Дж. Расіні, “Царская нявеста” М. Рымскага-Корсакава, “Кармэн” Ж. Бізэ былі ажыццёўлены сіламі педагогаў і студэнтаў тэхнікума. Для падрыхтоўкі артыстаў балета ў тэхнікуме былі адкрыты класы харэаграфіі. У 1930 г. адбылася знамянальная падзея для музычнай культуры Беларусі: на базе опернага і балетнага класаў створана Беларуская студыя оперы і балета, на аснове якой у 1933 г. адкрыты Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР. Яго салістамі сталі выпускнікі тэхнікума Л. Александроўская, І. Балоцін, С. Друкер, М. Дзянісаў і інш. З развіццём беларускай нацыянальнай цымбальнай школы звязана дзейнасць выдатнага музыканта, выпускніка тэхнікума, цымбаліста, дырыжора, кампазітара, педагога, народнага артыста БССР і СССР, прафесара І. Жыновіча. На базе цымбальнага ансамбля тэхнікума быў сфарміраваны Дзяржаўны народны аркестр БССР, што сёння па праве носіць імя свайго заснавальніка.
У 1937 г. тэхнікум рэарганізаваны ў Мінскае музычнае вучылішча, якому ў красавіку 1957 г. прысвоена імя вялікага рускага кампазітара М.І. Глінкі. У 2011 г. рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта яно было перайменавана ва ўстанову адукацыі “Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі”.
Сёння ў каледжы навучэнцы атрымліваюць прафесію па наступных спецыяльнасцях і спецыялізацыях: акадэмічны і народны хор, фартэпіяна і аркестравыя струнныя інструменты, духавыя і ўдарныя інструменты, музыказнаўства, акадэмічны вакал, інструменты народнага аркестра і мастацтва эстрады. У развіццё кожнага з аддзяленняў унеслі вялікі ўклад музыканты і выкладчыкі розных пакаленняў. Ва ўстанове працавалі М. Аладаў, Л. Мухарынская, Б. Смольскі, А. Багатыроў, У. Алоўнікаў, Я. Глебаў, А. Мдывані, С. Картэс, І. Лучанок, Л. Захлеўны і інш. Высокі ўзровень падрыхтоўкі гаворыць пра сур’ёзны і якасны падыход выкладчыкаў да сваёй справы. Асаблівая гордасць каледжа – гэта навучэнцы, якія сталі лаўрэатамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Са сцен навучальнай установы выйшла не адно пакаленне высокакваліфікаваных музыкантаў. Штогод выпускнікі папаўняюць студэнцкія калектывы музычных ВНУ краіны. Яны паступаюць не толькі ў беларускія, але і замежныя музычныя ўстановы Польшчы, Швецыі, Германіі і інш. Выпускнікі добра вядомы як у нашай краіне, так і за яе межамі. Працуюць яны не толькі ў музычных школах, палацах культуры, але і ў знакамітых музычных калектывах рэспублікі: Прэзідэнцкім аркестры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы, Беларускім дзяржаўным заслужаным харэаграфічным ансамблі “Харошкі”, ансамблі беларускай песні “Церніца”, Нацыянальным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, Нацыянальным акадэмічным народным аркестры Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча і інш. Выпускнікі каледжа народныя артысты Беларусі Э. Зарыцкі, М. Фінберг, Я. Еўдакімаў, В. Вуячыч, заслужаныя артысты В. Скорабагатаў, А. Мельнікаў, Г. Забара, У. Ткач і іншыя з’яўляюцца гонарам беларускага музычнага мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.