Кожнае пакаленне энергетыкаў пачынае свой шлях у прафесію з адпаведнай навучальнай установы. Для многіх гэта – Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж, які з'яўляецца адзінай навучальнай установай Рэспублікі Беларусь, дзе рыхтуюць спецыялістаў сярэдняга звяна для энергетычнай галіны краіны.
Навучальная ўстанова была заснавана ў 1971 г. як Мінскі энергетычны тэхнікум. З 2000 г. яна носіць назву УА “Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж”. Змена статуса абумовіла пераход на павышаны ўзровень адукацыі, таму што каледж займае прамежкавую ступень паміж тэхнікумам і вышэйшай навучальнай установай. Ва ўстанову прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае, на бюджэтнай і камерцыйнай аснове. На дзённым аддзяленні вядзецца падрыхтоўка энергетыкаў па спецыяльнасцях “электрычныя станцыі”, “цеплавыя электрычныя станцыі”, “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “аўтаматызацыя і кіраванне энергетычнымі працэсамі”. Выпускнікі каледжа заўжды былі запатрабаваныя на аб'ектах Беларускай энергасістэмы, таму ў 1999 г. па прапанове прадпрыемстваў было адкрыта завочнае аддзяленне па спецыяльнасцях “электраэнергетыка”, “цеплаэнергетыка”, “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. У 2005 г. першыя дзве спецыяльнасці перайменаваны ў “электрычныя станцыі” і “цеплавыя электрычныя станцыі”. Былі зацверджаны і ўведзены ў дзеянне адукацыйныя стандарты па ўсіх спецыяльнасцях. З 2009 г. ва ўстанове пачалася падрыхтоўка кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для беларускай АЭС.
Сучасны Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж – гэта вучэбныя кабінеты і лабараторыі, камп'ютарныя класы, актавы, спартыўны і трэнажорныя залы, сталовая, інтэрнат для іншагародніх навучэнцаў. Лабараторыі, кабінеты і майстэрні добра аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое з'яўляецца аналагам абсталявання, што ўстаноўлена на электрычных станцыях і падстанцыях арганізацый энергетычнай галіны.
За ўвесь час дзейнасці каледжам падрыхтавана звыш 15 тыс. спецыялістаў. Сёння яны працуюць на розных аб'ектах народнай гаспадаркі краіны, дзе дэманструюць высокі прафесіяналізм і майстэрства. Сярод выпускнікоў навучальнай установы многа кіраўнікоў структурных падраздзяленняў канцэрна “Белэнерга”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.