Больш за сотню гадоў налічвае за сваімі плячыма адна з найбольш старэйшых і вядомых педагагічных навучальных устаноў Беларусі – Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Зараз гэта адасобленае структурнае падраздзяленне ў складзе ўніверсітэта, а калісьці на пачатку свайго існавання – Полацкая настаўніцкая семінарыя.
Рашэнне аб стварэнні семінарыі было зацверджана Імператарам Расійскай Імперыі Аляксандрам II 18 студзеня 1872 г. Новая навучальная ўстанова павінна была забяспечваць пачатковыя школы рэгіёна мясцовымі кадрамі і спрыяць ажыццяўленню адукацыйнай палітыкі расійскай дзяржавы. Урачыстае адкрыццё семінарыі, на якім прысутнічалі міністр народнай асветы граф Д.А. Талстой, папячыцель Віленскай навучальнай акругі М.А. Сергіеўскі, епіскап Полацкі і Віцебскі Сава і віцебскі губернатар П.Я. Растоўцаў, адбылося 6 кастрычніка 1872 г. Семінарыя размясцілася ў двухпавярховым мураваным будынку з флігелямі, які раней належаў павятоваму і прыходскаму вучылішчам. Пазней, за кошт дзяржаўных сродкаў былі набыты некалькі кватэр для настаўнікаў і абсталяваны інтэрнат для выхаванцаў. Утрымлівалася ўстанова за кошт казны, працэнтаў з уласнага капіталу, дапамогі Віцебскага і Магілёўскага земстваў.
На пасаду першага дырэктара семінарыі быў запрошаны вядомы беларускі этнограф, фалькларыст, археограф, адзін з актыўных дзеячаў асветы і удзельнікаў руху за развіццё школ на Беларусі Ю.Ф. Крачкоўскі. Сярод кіраўнікоў і педагогаў семінарыі было шмат таленавітых і творчых людзей: дзеяч асветы, гісторык, аўтар кніг і артыкулаў па пытаннях педагогікі і гісторыі народнай асветы А.В. Бялецкі; пісьменнік, аўтар шырока вядомага падручніка для духоўных семінарый “История Христианской церкви” Я.І. Смірноў; протаіерэй, законавучыцель, аўтар брашуры “Житие Преподобной Евфросинии, Княжны Полоцкой” М.І. Дуброўскі; аўтар гістарычнага нарыса “Минулое и современное Полоцка (К торжеству перенесения мощей пр. Евфросинии из Киева в Полоцк)” М.І. Зорын і інш.
На навучанне ў семінарыю прымаліся асобы ўсіх саслоўяў, праваслаўнага веравызнання, якія дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту і вытрымалі ўступныя экзамены па Закону Божаму, рускай мове, арыфметыцы і спевах. У першы навучальны год у семінарыю былі залічаны 52 юнакі, большая частка якіх з’яўлялася прадстаўнікамі сялян і мяшчан Віцебскай губерні. Навучанне было бясплатнае. Крыніцай стыпендый для навучэнцаў з’яўлялася дзяржаўная казна, а таксама сродкі сялянскай грамады і ахвяраванні. У 1912 г., калі ў краіне шырока адзначалася 100-годдзе вайны 1812 г., дзеля ўшанавання памяці герояў ваенных дзеянняў, земскі сход Полацка заснаваў стыпендыю для лепшых вучняў семінарыі.
На працягу ўсяго тэрміну навучання будучыя настаўнікі мелі магчымасць атрымліваць тэарэтычную і практычную педагагічную падрыхтоўку. Вучэбна-выхаваўчы працэс быў накіраваны не толькі на атрыманне імі неабходных ведаў, але і на выхаванне адпаведных маральных якасцей, ідэалагічных і палітычных перакананняў. Курс навучання складаўся з трох асноўных класаў (з 1907 г. – чатырох) і гадавога падрыхтоўчага аддзялення. Сярод дысцыплін былі: Закон Божы, педагогіка, асновы методыкі, руская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, асновы геаметрыі, каморніцтва, лінейнае чарчэнне, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, спевы, гімнастыка, рамяство (пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў). Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пачатковае вучылішча, дзе семінарысты праходзілі педагагічную практыку, і курсы для настаўнікаў пачатковых народных вучылішчаў. Працавала бібліятэка, метэаралагічная станцыя (з 1900 г.) і музей наглядных дапаможнікаў (з 1910 г.). У 1913 г. загадам Міністэрства народнай асветы Полацкай настаўніцкай семінарыі было прысвоена імя генерала Я.П. Кульнева.
Першы выпуск настаўнікаў у колькасці 16 чалавек адбыўся ў 1874 г. У розныя гады ў семінарыі атрымалі адукацыю вучні, якія сталі потым вядомымі навукоўцамі, дзеячамі беларускай культуры. Сярод іх вучоны-метадыст, аўтар шматлікіх падручнікаў па матэматыцы А.С. Пчолка, кандыдат педагагічных навук Н.І. Святлоўскі, вучоны-педагог М.І. Шляхценка, доктар сельскагаспадарчых навук Д.А. Іваноў, паэт І.Я. Івашын (Янка Журба) і інш.
У час Першай сусветнай вайны Полацкая семінарыя знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Вязнікі (зараз – Уладзімірская вобласць, Расія). У верасні 1919 г. яна была рэарганізавана ў трохгадовыя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў працоўнай школы першай ступені, потым – у Педагагічны тэхнікум. У 1936 г. Полацкі педагагічны тэхнікум быў перайменаваны ў педагагічнае вучылішча. У 1964 г. яму было прысвоена імя Францыска Скарыны. За поспехі ў справе падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў Полацкае педагагічнае вучылішча было ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967). У 1994 г. навучальная ўстанова набыла статус педагагічнага каледжа.
Важным этапам у далейшым развіцці каледжа стаў 2005 г., калі па рашэнні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Полацкі каледж увайшоў у склад Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Гэта акалічнасць вельмі спрыяльна адбілася на якасці яго працы, дазволіла яшчэ больш удасканаліць шматгранную работу па падрыхтоўцы кадраў для сістэмы адукацыі і захаваць пераемнасць у навучанні.
Традыцыі, якія склаліся за многія гады працы, дазваляюць педагагічнаму калектыву на сучасным этапе забяспечваць такую падрыхтоўку спецыялістаў, якая дае магчымасць выпускнікам каледжа паспяхова канкурыраваць са сваімі калегамі – выпускнікамі вышэйшых навучальных устаноў. У 2010 г. каледж атрымаў 2 сертыфікаты, якія пацвярджаюць адпаведнасць сістэмы менеджменту якасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі нацыянальным і міжнародным стандартам. Укараненне ў вучэбна-выхаваўчы працэс сучасных адукацыйных тэхналогій, падрыхтоўка спецыялістаў, якія будуць канкурэнтназдольныя на рынку працы, – у гэтым бачыць сваю мэту педагагічны калектыў Полацкага каледжа ВДУ імя П.М. Машэрава. Педагогі і навучэнцы ганарацца гісторыяй сваёй навучальнай установы і імкнуцца з годнасцю прадаўжаць справы сваіх папярэднікаў. Сіла ўстановы адукацыі – у яе глыбокіх традыцыях і дынамічным удасканаленні.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2012 г.