Біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Ружанская пушча» знаходзіцца ў заходняй частцы Рэспублікі Беларусь – Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Заснаваны пастановай Савета Міністраў БССР ад 21.02.1986 г. № 60, пераўтвораны ў рэспубліканскі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2007 г. № 1833 з мэтай захавання ў натуральным стане каштоўных лясных экалагічных сістэм, дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама іх месцаў распаўсюджвання. Агульная плошча заказніка складае 2812 га. Знаходзіцца на Ваўкавыскім узвышшы, што з'яўляецца часткай Беларускай грады. Найвышэйшая кропка – гара Блізная вышынёй 202,7 м – размешчана ў цэнтральнай частцы. Рэльеф мясцовасці хвалісты з добра выражанымі ярамі, лагчынамі, прырэчнымі катлавінамі. У некаторых месцах сустракаюцца крутыя схілы ўзгоркаў, якія ўсеяны валунамі і галькай. Для пушчы характэрна багатая глебавая разнастайнасць. Сустракаецца больш за 70 відаў: ад тарфяна-балотных глеб да найбольш рэдкіх у Беларусі бурых лясных ці буразёму. Адна з асаблівасцей заказніка – поўная адсутнасць на яго тэрыторыі пастаянных прыродных вадаёмаў і вадацёкаў.
Аснову заказніка складаюць складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах – хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. Сярод асоба каштоўных вызначаюцца высокаўзроставыя (80–100 гадоў) сасновыя лясы, ялова-грабавыя дубровы, саснова-дубовыя лясы, бярэзнікі, чорнаальховыя лясы.
У межах заказніка ўстаноўлена каля 420 відаў раслін, у тым ліку лекавых, дэкаратыўных і гаспадарча-каштоўных: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая і іншыя; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны і іншыя занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусі.
Жывёльны свет заказніка таксама багаты і разнастайны. Тэрыторыю насяляюць алень, казуля, лось, дзік, куніца, рысь, заяц бяляк і заяц русак, бабёр, норка, выдра, янотападобны сабака, вавёрка, воўк і інш. З птушак гняздзяцца цецярук, чырвоны каршун, пугач, вушастая сава. Чорны бусел, драч, беласпінны дзяцел, трохпалы дзяцел, сакол-каршачок уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусі.
«Ружанская пушча» адзін з камфортных у плане адпачынку заказнік. Побач размешчана зона адпачынку «Зяльвянка» з папулярным вадасховішчам Паперня. Па ўскрайку пушчы ўсталяваны некалькі пляцовак для адпачынку турыстаў. На тэрыторыі заказніка распрацаваны турыстычныя маршруты «Близнянские медоборы», «Бальзамические боровины», «В краю таинственных зверей», «По следам древних ледников», «Ружанские вотчины». Непадалёку знаходзіцца архітэктурна-гістарычныя аб'екты – Ружанскі дварцовы комплекс XVII–XIX стст., Ружанскі Троіцкі касцёл XVII ст, Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян XVII–XVIII стст. і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.