Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (НДЭІ Мінэканомікі Рэспублікі Беларусь) – вядучая ўстанова па навуковых даследаваннях у галіне эканомікі. Заснаваны ў 1930 г. на базе філіяла Усесаюзнага інстытута эканамічных даследаванняў, які ў гэтым жа годзе пераўтвораны ў Інстытут эканамічных даследаванняў пры Дзяржаўнай Планавай Камісіі БССР. У 1965 г. перайменаваны ў Навукова-даследчы інстытут эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання пры Дзяржплане БССР, з 1983 г. – Навукова-даследчы эканамічны інстытут Дзяржплана БССР. Дзейнасць установы была накіравана на абгрунтаванне народнагаспадарчых планаў, каардынацыю даследчай работы па эканоміцы, сістэматычнае вывучэнне эканомікі БССР і інш. Сучасную назву інстытут атрымаў у 1994 г.
Зараз НДЭІ Мінэканомікі займаецца распрацоўкай дзяржаўных прагнозаў, праграм, канцэпцый і стратэгій сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, метадычным кіраўніцтвам распрацоўкай прагнозаў і праграм па народнагаспадарчых комплексах, галінах эканомікі і адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках, макраэканамічным аналізам і прагназаваннем, стратэгічным даследаваннем, праблемамі рэгіянальнага развіцця, вывучэннем сусветнай эканомікі і міжнародных эканамічных сувязей і інш.
Асноўнымі кірункамі навуковых даследаванняў інстытута з’яўляюцца метады і метадалогія дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і рэгіёнаў, макраэканамічнае рэгуляванне, інавацыйная і інвестыцыйна-структурная палітыка, распрацоўка і ўкараненне аўтаматызаваных інфармацыйных аналітычных сістэм і эканоміка-матэматычных мадэляў і інш. Найбольш значныя праекты – распрацоўка нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2020 г., асноўных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд до 2015 г., канцэпцыі нацыянальнай інавацыйнай сістэмы і інш. У складзе НДЭІ Мінэканомікі функцыянуе аспірантура (з 1965 г.) і савет па абароне дысертацый.
Інстытутам падрыхтаваны шматлікія навуковыя працы, сярод якіх – «Мировая экономика и внешнеэкономическая деятельность Беларуси» (2004), «Национальная экономика Беларуси» (2006), «Инвестиции: анализ, прогноз, управление» С.С. Палоніка (2007) і інш. Выдаюцца штомесячны часопіс «Экономический бюллетень», перыядычны зборнік «Экономика, моделирование, прогнозирование», матэрыялы міжнародных навуковых канферэнцый, семінараў, круглых сталоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.