Дата начала:
12.11.1998 Столінскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
рэспубліканскі заказнік
Названия на других языках:
Reserve Olmany Mires (английский); Ольманские болота (русский);
1677 символов
Справка
Рэспубліканскі заказнік “Альманскія балоты” быў створаны ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці ў 1998 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане ўнікальных ландшафтаў Прыпяцкага Палесся з комплексам рэдкіх відаў жывёл і раслін. У 1998 г. ён атрымаў міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі, у 2001 г. – водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння.
Ахоўная тэрыторыя плошчай 103,9 тыс. га ўключае поймы рэк Сцвіга і Льва, больш за два дзясяткі азёр, а таксама найбуйнейшы ў Еўропе суцэльны балотны комплекс вярховых, пераходных і нізінных балот, які захаваўся да нашых дзён у некранутым стане. Балоты, парослыя трыснягом, мохам і рэдкімі бярозкамі, займаюць каля 40% тэрыторыі заказніка. Паміж імі – пясчаныя дзюны з хваёвымі і шырокалісцёвымі лясамі. У флоры зарэгістравана 687 відаў сасудзістых раслін, з якіх сон лугавы, гарлачык белы, касач сібірскі, шалфей лугавы, сальвінія плывучая, лілея кучаравістая ўнесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Жывёльны свет прадстаўлены 192 відамі наземных пазваночных. Сустракаюцца рэдкія для Беларусі рысь, арэшнікавая соня, еўрапейская норка, змеяед, звычайны зімародак, зялёны дзяцел, чорны бусел, балотная чарапаха, мядзянка і інш. Найбольшае значэнне Альманскія балоты маюць для захавання самай вялікай у Беларусі гнездавой групоўкі вялікага арляца. Акрамя таго тут у значнай колькасці трапляюцца вялікі грыцук, вялікі кулон, барадатая кугакаўка, глушэц і шэры журавель.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў абсталяваны экалагічныя сцежкі і аглядныя пляцоўкі. У вызначаныя тэрміны дазволена паляванне, рыбная лоўля, збор грыбоў і ягад.