Дата начала:
01.04.1981 Мёрскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка:
гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Болото Мох (русский);
1468 символов
Справка
Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Балота Мох” быў створаны ў 1981 г. на тэрыторыі Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Мэтай яго заснавання стала зберажэнне ў натуральным стане каштоўных леса-балотных экалагічных сістэм вярховага тыпу. Частка заказніка (“Цікіны астравы”) мае міжнародны статус тэрыторыі, важнай для птушак. Агульная плошча складае 4602 га.
Гідралагічная сетка заказніка прадстаўлена возерам Набіста і ракой Хараброўка. Адкрытыя балоты займаюць каля 60 % тэрыторыі, астатняя частка пакрыта пераважна хваёвымі лясамі. На мінеральных “астравах” сярод балота захаваліся невялікія ўчасткі дубовых і ясеневых лясоў. Флора налічвае 223 віды сасудзістых раслін. Асаблівую каштоўнасць з іх маюць марошка прысадзістая, журавіна драбнаплодная, баранец звычайны, асака малакветкавая. У складзе фаўны прадстаўлена большасць млекакормячых, характэрных для поўначы Беларусі: ласі, кабаны, казулі і інш. Адзначана прысутнасць 202 відаў птушак, большая частка якіх тут і гняздуюцца. Сярод ахоўных відаў чорны бусел, змеяед, шэры журавель, балотная сава, шызая чайка.
З-за высокай забалочанасці тэрыторыі і адсутнасці дарожнай сеткі лесагаспадарчая дзейнасць вядзецца толькі па перыферыйных участках. Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў распрацаваны водны маршрут па рацэ Хараброўцы, абсталявана некалькі месцаў для адпачынку. У вызначаныя тэрміны дазволены збор грыбоў і ягад, паляванне.