Ансамбль народнай музыкі “Бяседа” створаны ў 1991 г. пры Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. З першага дня існавання ім кіруе народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кампазітар Леанід Канстанцінавіч Захлеўны.
Канцэртныя праграмы ансамбля – гэта своеасаблівы тэатр песні з цікавым чаргаваннем харавых, інструментальных і сольных нумароў, музычнае выступленне якіх дапаўняецца шматколернасцю народных касцюмаў. Калектыў складаецца з выканаўцаў народных песень і аркестравай групы пад кіраўніцтвам вядучага музыканта М. Алешкі. У склад вакальнай групы ўваходзяць заслужаныя артысткі Беларусі С. Суседчык, Н. Раманская, а таксама маладыя таленавітыя салісты Т. Лазоўская, В. Кірыленка і інш. Адметнай рысай ансамбля з'яўляецца выканальніцкае майстэрства: віртуознасць, ансамблевая зладжанасць, высокі прафесіяналізм. Рэпертуар шырокі па сваім дыяпазоне. Ён складаецца з беларускіх народных песень розных жанраў: лірычных і жартоўных, абрадавых і інш. Большая частка песень з рэпертуару ансамбля напісана або апрацавана мастацкім кіраўніком Л. Захлеўным і М. Алешкам. Многія аўтарскія песні “Бяседы” ўжо даўно ўспрымаюцца як народныя. На масавых, а таксама на сямейных урачыстасцях нярэдка можна пачуць кампазіцыі “Вечарынка”, “Чарка на пасашок”, “Ай ды полька”, а такія песні, як “За маладых”, “Маруся”, “Запрагай-ка, бацька, коней”, “Звіняць звончыкі” шырока вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.
Асаблівае месца ў рэпертуары займаюць песні ваеннай тэматыкі. Да 60-годдзя вызвалення Беларусі напісаны цыкл песень Л. Захлеўнага на словы В. Кавальчука і М. Ясеня (“Вальс 44-га года”, “Напярэдадні вайны”, “Тальянка”, “Ах, Таццяна Фёдараўна”, “З днём нараджэння, Перамога” і інш.). “Бяседа” вядзе актыўнае творчае жыццё: шмат гастралюе, пастаянна папаўняе фонды Беларускага радыё аўдыязапісамі, удзельнічае ў міжнародных фестывалях і святах, такіх як “Славянскі базар у Віцебску”, “Фестываль беларускай песні і паэзіі” (г. Маладзечна), “Свята беларускай пісьменнасці”, “Дажынкі” і інш. Ансамбль – лаўрэат шматлікіх фальклорных фестываляў. Яго артысты з'яўляюцца ўдзельнікамі папулярных радыёпраграм: “Віншуем, жадаем...”, “Культурная прастора”, “Праграма “А”, “Гасцінец”, а таксама тэлепраграм “Спявай, душа”, “Звычайны, незвычайны дзень”, “Добрай раніцы, Беларусь!”. Расія, Украіна, Латвія, Літва, Румынія, Польшча, Германія, Аўстрыя, Партугалія, Швецыя, Карэя – краіны, у якіх ансамбль з поспехам прадстаўляў беларускую народную песню.
Ансамбль “Бяседа” з'яўляецца адным з самых папулярных і любімых музычных калектываў Беларусі. Ён знаёміць слухачоў з лепшымі ўзорамі і малавядомымі жамчужынамі музычнай спадчыны Беларусі, надаючы ім арыгінальнасць і непаўторны характар гучання. Пра творчасць ансамбля зняты фільм «Вечарынка з “Бяседай”» (2002). У 2005 г. ансамбль народнай музыкі “Бяседа” ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь” .
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011г.