Дата начала:
14.10.1999 Жлобінскі і Светлагорскі раёны, Гомельская вобласць
Краткая справка:
рэспубліканскі заказнік
Названия на других языках:
Выдрица (русский);
2027 символов
Справка
Ландшафтны (з 2020 г. рэспубліканскі) заказнік “Выдрыца” быў створаны ў Жлобінскім і Светлагорскім раёнах Гомельскай вобласці ў 1999 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане ўнікальнага прыроднага комплексу ў поймах рэк Бярэзіна, Выдрыца і Ола з папуляцыямі рэдкіх відаў жывёл і раслін. Заказнік мае статусы ключавой арніталагічнай і Рамсарскай тэрыторый міжнароднага значэння (2013).
Ахоўныя ўгоддзі плошчай 17,4 тыс. га ўяўляюць буйны леса-балотны масіў. Рэльеф – ад узвышшаў у паўночнай частцы да плоскай і слабахвалістай раўніны, якая ў цэнтральнай і паўднёвай частках пераходзіць у нізіну. У пойме Бярэзіны маецца 26 старыцавых азёр і 23 балоты ў асноўным нізіннага тыпу (Макушкі, Уюноў, Гачава, Сакаловічы, Доўгі, Антонаўскае, Дзедна і іншыя). Аснову расліннасці складаюць забалочаныя лясы з чорнай алешыны, дуба, ясеня, ліпы, граба, клёна, па сухадолах растуць лясы з хвоі і елкі з багатым падлескам і наглебавым покрывам.
У межах заказніка налічваецца 670 відаў сасудзістых раслін, з якіх у Чырвонай кнізе Рэспублікіі Беларусь купальнік горны, баранец звычайны, жаўтазель германскі, зубніца клубняносная, касач сібірскі, тайнік яйцападобны, шпажнік чарапіцавы і інш. Фаўна налічвае каля 200 відаў пазваночных. Тут жывуць дзік, казуля, лось, лісіца, заяц, вавёрка, андатра, куніца, тхор, ласка, янотападобны сабака, выдра. Сярод ахоўных відаў адзначаны арэшнікавая соня, барсук, гарнастай, балотная чарапаха, малая паганка, чорны бусел, скапа, звычайная пустальга, зялёны дзяцел, звычайны зімародак і інш.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. На тэрыторыі маюцца дамы для пражывання, месцы для ўстаноўкі намётаў і аглядныя пляцоўкі. Для наведвальнікаў распрацаваны пешыя і водныя турыстычныя маршруты, пракладзена экалагічная сцежка. У вызначаныя тэрміны дазволена паляванне, рыбалка, збор грыбоў і ягад. Пры наведванні заказніка вясной і восенню трэба ўлічваць, што тэрыторыя ў поймах рэк затапляецца на тэрмін да 1,5 месяцаў з вышынёй узроўню вады да 3,5 м.