Дата начала:
05.08.1999 Лоеўскі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка:
рэспубліканскі заказнік
Названия на других языках:
Днепро-Сожский (русский); Днепровско-Сожский (русский);
1858 символов
Справка
Біялагічны (з 2021 г. рэспубліканскі) заказнік “Днепра-Сожскі” быў створаны ў Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці ў 1999 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане каштоўных лясных фармацый і лугавых згуртаванняў з комплексам рэдкіх відаў жывёл і раслін. Паўночная частка заказніка ў 2010 г. увайшла ў склад ключавой арніталагічнай тэрыторыі (“Пойма Дняпра–Лоеў–Жары”).
Ахоўныя ўгоддзі плошчай 14,5 тыс. га размешчаны на паўднёвым усходзе Беларусі і на ўсім працягу мяжуюць з тэрыторыяй Украіны. Ландшафт уяўляе плоскую пойму з грывамі, старыцамі, астанцамі рачных рэчышчаў. У час веснавой паводкі пойма падтапляецца на шырыню да 5 км. Найбольш распаўсюджанымі біятопамі тут з’яўляюцца поймавыя ўвільготненыя лугі, хмызняковыя зараснікі з адзінкавымі дрэвамі, сухія разнатраўныя лугі, якія нагадваюць стэпы, рагозава-трысняговыя зараснікі і старыцы, зацягнутыя суцэльным дываном водных раслін. Лясная расліннасць прадстаўлена разрэджанымі, фрагментарнымі ўчасткамі – хваёвымі, дубовымі, чорнаальховымі. Усяго на тэрыторыі заказніка адзначана 656 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх у Чырвонай кнізе Рэспублікі Беларусь званок лілеялісты, кураслеп лясны, павойнік прамы, гваздзік армерыяпадобны, фіялка багнавая, вадзяны арэх плывучы, цыбуля мядзведжая, касач сібірскі і інш. Тут жывуць лось, дзік, казуля, рысь, выдра, андатра, бабёр, амерыканская норка, арэшнікавая соня. Адзначана каля 200 відаў птушак, большая частка якіх гняздуецца: малы бугай, вялікая белая чапля, чорны бусел, каршачок, пустальга, беласпінны дзяцел, вяртлявая чарацянка. Найбольшае значэнне гэта тэрыторыя мае для дубальта, драча, малой і белакрылай крачак, звычайнага пагоніча, ластаўкі-зямлянкі.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў распрацаваны водныя і пешыя маршруты, усталяваны назіральныя вышкі.