Дата начала:
19.06.2003 Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Котра (русский);
1977 символов
Справка
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Котра” быў створаны ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці ў 2003 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане каштоўных ландшафтаў і раслінных згуртаванняў, што ствараюць адзіны прыродны комплекс з запаведнікам “Чапкяляй” (Літва). Разам яны з’яўляюцца трансгранічнай асоба ахоўнай прыроднай тэрыторыяй, якая ў 2002 г. атрымала статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння.
Ахоўная тэрыторыя плошчай больш за 10 тыс. га ўяўляе сабой буйны леса-балотны комплекс у вярхоўях р. Котры. У старадаўнія часы гэты комплекс быў вядомы як Катранская пушча. Рэльеф складаецца з водна-ледавіковых раўнін і празмерна ўвільготненых нізін. Маецца шмат затарфаваных азёрных катлавін. Балоты прадстаўлены вярховымі, пераходнымі і нізіннымі тыпамі і размешчаны ў асноўным у пойме ракі. Лясамі з хвоі, бярозы, вольхі і ясеня пакрыта каля 90% тэрыторыі заказніка. Сустракаюцца асобныя векавыя дубы. У складзе флоры зарэгістраваны 633 віды вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены пустапялёснік зялёны, баранец звычайны, пальчатакарэннік балтыйскі, зубніца клубняносная, шпажнік чарапіцавы, касач сібірскі, чына горная і інш. Шмат дэкаратыўных, лекавых і харчовых раслін. У заказніку вялікая колькасць прамысловых жывёл – дзіка, лася, казулі, рабчыка, цецерука, слонкі, вехіра. На рацэ і закінутых меліярацыйных каналах маюцца пасяленні бабра, андатры і выдры. Сярод ахоўнай фаўны трапляюцца барсук, рысь, малы падворлік, пугач, зялёны і трохпальцы дзятлы, ручаёвая стронга, бліскучы жужаль, вялікая пераліўніца, блакітная ордэнская стужка і інш.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў распрацаваны турыстычныя маршруты, абсталяваны экалагічныя сцежкі і месцы для адпачынку. На тэрыторыі прыроднага комплексу маюцца курганы каменнага і бронзавага вякоў. У вызначаныя тэрміны ў заказніку дазволена паляванне, збор ягад і грыбоў.