Дата начала:
25.05.1998 Астравецкі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Сорочанские озёра (русский);
1822 символа
Справка
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Сарачанскія азёры” быў створаны ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці ў 1998 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў натуральным стане прыроднага ландшафту Беларускага Паазер’я з папуляцыямі рэдкіх відаў раслін і жывёл.
Ахоўная тэрыторыя плошчай 14,7 тыс. га размешчана на стыку Свірскай краявой ледавіковай грады і Вілейскай марэнна-ледавіковай нізіны. З поўдня прыродны комплекс абмяжоўваюць рэкі Вілія і Страча. Ядром з’яўляецца група Сарачанскіх азёр, якая складаецца з размешчаных адзін за адным 14 вадаёмаў. Мелка- і сярэднеглыбокія азёры месцяцца ў ахаваных ад ветру, глыбока ўрэзаных катлавінах. Слабае перамешванне вады ў іх вядзе да недахопу кіслароду ў прыдонных слаях, утварэнню серавадароду і вялікай колькасці жалеза.
Большая частка тэрыторыі заказніка пакрыта лесам з хвоі, елкі, бярозы, алешыны, дуба, асіны. Балотна-лугавая расліннасць складае 15%. У флоры шмат гаспадарча-карысных відаў. Тут растуць занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь кураслеп лясны, ядрушка даўгарогая, пустапялёснік зялёны, ятрышнік дрэмлік, баранец звычайны, ліпарыс Лёзеля, пуханос альпійскі, мякатніца адналістая і інш. Заказнік насяляюць 203 віды наземных пазваночных жывёл, сярод якіх рэдкімі з’яўляюцца чаротная рапуха, ручаёвая стронга, еўрапейскі харыус, вусач, мядзянка, чорнаваллёвая гагара, вялікі і малы бугаі, чорны бусел, звычайны зімародак, барсук, арэшнікавая соня, паўночны кажанок і інш.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Па яго тэрыторыі пракладзены некалькі турыстычных маршрутаў і экалагічная сцежка, абсталяваны турысцкія стаянкі. У наваколлі маюцца помнікі гісторыі і архітэктуры, працуюць аграсядзібы. Паўночная частка заказніка з’яўляецца памежнай тэрыторыяй і для яе наведвання патрабуецца дазвол.