Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Сіньша” быў створаны ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці ў 1996 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане ўнікальных прыродных ландшафтаў і азёрных экасістэм у вытоках р. Дрысы.
Ахоўная тэрыторыя плошчай 12,8 тыс. га прадстаўляе сабой леса-азёрны комплекс. Тут маецца 23 возеры агульнай плошчай 15 км кв і сетка меліярацыйных каналаў. Рэльф водна-ледавіковы са шматлікімі камавымі і озавымі формамі, тэрмакарставымі катлавінамі і лагчынамі. Пераважае лясная расліннасць, якая прадстаўлена пераважна хвойнымі, на нізінных і пераходных балотах – чорнаалешнікавымі і пушыстабярозавымі лясамі. У флоры выяўлена каля 500 відаў сасудзістых раслін, сярод якіх баранец звычайны, вадзяны арэх плывучы, наяда марская, гарлянка пірамідальная, мякатніца адналістая, гідрыла кальчаковая ўнесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Шмат лекавых, дэкаратыўных і гаспадарча-карысных відаў: святаяннік прадзіраўлены, сухацвет пясчаны, буквіца лекавая, званочак раскідзісты, гваздзік, кольнік каласісты, казялец, пералеска высакародная, чабор, маліны, брусніцы, чарніцы, суніцы, дурніцы і інш. Жывёльны свет прадстаўлены таежным комплексам відаў фаўны. Тут жывуць буры мядзведзь, дзік, казуля, лось, рысь, бабёр, куніца, норка, ліса, заяц. Водзіцца шмат глушца, цецерука, рабчыка, вальдшнэпа, сустракаюцца рэдкія ў нашай краіне касманогі сыч, даўгахвостая няясыць, трохпальцы дзяцел. У рэках і азёрах заказніка налічваецца больш за 20 відаў рыб – лешч, шчупак, плотка, акунь, карась, лінь і інш. Сярод ахоўных відаў фаўны гарнастай, барсук, еўрапейская рысь, чорнаваллёвая гагара, вялікі бугай, чорны бусел, вялікі савук, чорны каршун, арлан-белахвост, малы арлец, скапа, каршачок, шэры журавель, шызая чайка, вераб'іны сыч, беласпінны дзяцел і інш.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў па тэрыторыі распрацаваны пешыя, веласіпедныя і водныя маршруты, пракладзена экалагічная сцежка. Па берагах азёр маюцца абсталяваныя зоны адпачынку і турыстычныя стаянкі. Актыўна развіваецца агратурызм.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.