Дата начала: пачатак XVІ ст. Гродзенскі раён
Краткая справка: горад у Гродзенскім раёне
Названия на других языках: Скидель (русский);
Скідзель – горад у Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Скідзельскага сельсавета. Знаходзіцца за 30 км на паўднёвы ўсход ад Гродна, 4 км ад аднайменнай чыгуначнай станцыі на лініі Гродна – Масты. Размешчаны на р. Скідзельцы.
У гістарычных крыніцах Скідзель вядомы з пачатку XVI ст. як велікакняжацкі двор у складзе Гродзенскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У 1516 г. перададзены ў арэнду гродзенскаму старасце Ю. М. Радзівілу. На 1558 г. Скідзель – гаспадарчы двор Гродзенскага староства Трокскага ваяводства, адміністрацыйны цэнтр Скідзельскай воласці. З 1588 г. у Скідзелі размяшчаўся каралеўскі двор. Згодна з прывілеем 1644 г. караля польскага і вялікага князя літоўскага Уладзіслава IV Вазы мясцовым жыхарам дазвалялася праводзіць 2 кірмашы ў год і таргі 2 разы ў тыдзень. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Скідзель і наваколле значна пацярпелі ад ваенных дзеянняў. У 1783 г. з’яўляўся мястэчкам, цэнтрам ключа ў Гродзенскай эканоміі.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Скідзель далучаны да Расійскай імперыі ў склад Гродзенскага павета Слонімскай, з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. У 1796 г. імператрыца Кацярына ІІ падаравала мястэчка ўдаве князя Чацвярцінскага і яго дзецям у пажыццёвае спадчыннае карыстанне. У 1851 г. у Скідзелі пабудавана Свята-Міхайлаўская царква. У 1860 г. адкрыта народнае вучылішча. Паводле перапісу 1897 г. тут пражывала 2790 жыхароў, дзейнічалі царква, капліца, сінагога, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы, бальніца, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, хлебазапасны магазін, 10 гарбарных прадпрыемстваў, ліманадны і гільзавы заводы. Штогод праводзіліся 7 кірмашоў, кожны тыдзень адбываліся базары. Да 1907 г. праз мястэчка была пракладзена чыгунка Гродна – Масты, пабудавана станцыя, што спрыяла яго эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю.
Са жніўня 1915 г. Скідзель займалі германскія, са студзеня 1919 г. і з верасня 1920 г. – польскія войскі. З 1 студзеня 1919 г. знаходзіўся ў БССР. У сакавіку 1921 г. згодна з Рыжскім мірным дагаворам Скідзель далучаны да Польшчы і стаў цэнтрам гміны Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства. 17 верасня 1939 г. у мястэчку адбылося паўстанне рабочых і сялян, накіраванае на падтрымку наступаючай Чырвонай арміі, якая ў гэты дзень перайшла савецка-польскую граніцу з мэтай вызвалення Заходняй Беларусі. Паўстанцы занялі пошту, управу гміны, чыгуначную станцыю, раззброілі паліцэйскіх, арыштавалі служачых мясцовай адміністрацыі. Польскія ўлады жорстка падавілі выступленні, але ў ваколіцах Скідзеля барацьба працягвалася да 20 верасня, калі ў мястэчка ўвайшлі атрады чырвонаармейцаў. У лістападзе 1939 г. Скідзель зноў у складзе БССР, з 15 студзеня 1940 г. атрымаў статус гарадскога пасёлка і стаў цэнтрам раёна ў Беластоцкай вобласці. З 12 кастрычніка 1940 г. – цэнтр сельсавета. У 1940 г. тут пражывала 4700 жыхароў, працавалі электрастанцыя, 2 млыны, 2 цагельныя, 5 гарбарных прадпрыемстваў, няпоўная сярэдняя і 2 пачатковыя школы, кінатэатр, клуб, бальніца, амбулаторыя, пошта, тэлеграф.
27 чэрвеня 1941 г. Скідзель быў захоплены нямецка-фашысцкімі войскамі. За гады акупацыі гітлераўцы на 80% разбурылі пасёлак і знішчылі ў створаным лагеры смерці 2330 чалавек. У час Вялікай Айчыннай вайны ў Скідзелі і на тэрыторыі раёна дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, камсамольска-маладзёжнае падполле, раённая антыфашысцкая арганізацыя, партызанская брыгада імя Аляксандра Неўскага, атрад “Баявы” імя Дунаева. Выдавалася падпольная газета “Красное знамя”. 14 ліпеня 1944 г. пасёлак вызвалены войскамі 2-га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай наступальнай аперацыі. У Скідзелі знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан (сярод пахаваных Героі Савецкага Саюза М. А. Гакель, В. В. Фацін, І. Р. Шарамет, У. Г. Шчогалеў), 2 магілы камсамольцаў-падпольшчыкаў, магіла ахвяр фашызму.
Пасля вызвалення пасёлак быў адбудаваны, адкрыліся прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы. У 1945–1949 гг. адноўлены электрастанцыя, бальніца, сярэдняя школа. Пабудаваны бібліятэка, дзіцячы сад, тэлефонная станцыя, радыёвузел, масласырзавод і інш. У 1945 г. арганізаваны саўгас “Скідзельскі”. У 1951 г. уведзены ў эксплуатацыю першы ў Беларусі цукровы камбінат. 20 верасня 1944 г. Скідзель уключаны ў Гродзенскую вобласць, з 25 снежня 1962 г. увайшоў у склад Гродзенскага раёна. 30 студзеня 1974 г. атрымаў статус горада. У 2007 г. зацверджаны афіцыйны герб Скідзеля, пры стварэнні якога ўзяты факт валодання ім Радзівіламі і Чацвярцінскімі. У верхнім сярэбраным полі варажскага шчыта выява дзвюх вежаў чырвонага колеру з брамай, што існуюць у цяперашні час у горадзе і былі пабудаваны пры Чацвярцінскіх, у ніжнім блакітным полі размешчаны элемент радавога геральдычнага сімвала Радзівілаў “Трубы” – чорны паляўнічы ражок з сярэбранай фурнітурай.
У цяперашні час у Скідзелі працуюць дзяржаўны каледж (у ім створаны літаратурна-краязнаўчы музей імя паэта М. Васілька), 3 сярэднія школы, 5 дзіцячых дашкольных устаноў, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, 2 публічныя бібліятэкі, паліклініка, бальніца. Дзейнічаюць ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат”, ААТ «Агракамбінат “Скідзельскі”», лясгас і інш. Сярод аматарскіх творчых калектываў найбольш вядомы народны вакальны ансамбль ветэранаў працы “Сяброўкі”, узорны ансамбль танца “Пралескі”. У горадзе існуюць касцёл Святога Іосіфа Рамесніка (2004), царква ў гонар Святых Навамучанікаў і Спаведнікаў зямлі Беларускай (2014). Помнікамі архітэктуры і садова-паркавага мастацтва з’яўляюцца Свята-Міхайлаўская царква (1851), касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі (1870), парк (ХІХ ст.).
У Скідзелі нарадзіліся вучоны ў галіне чыгуначнага транспарту, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Беларусі В. І. Сянько, паэт, празаік, грамадскі дзеяч П. Я. Сяўрук.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
