Краткая справка:
рэспубліканскі біялагічны заказнік на тэрыторыі Івацэвіцкага, Іванаўскага, Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў
Названия на других языках:
Reserv Sporovo (английский); Споровский (русский);
1798 символов
Справка
Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі” створаны ў 1991 г. на тэрыторыі Івацэвіцкага, Іванаўскага, Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў Брэсцкай вобласці. Мэтай яго заснавання стала захаванне ўнікальных нізінных балот, эталонных участкаў балотна-лясных і лугавых угоддзяў з комплексамі рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Заказнік уключаны ў пералік тэрыторый, важных для птушак (1998). Першым у Беларусі ў 1999 г. атрымаў статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (ахоўваецца Рамсарскай канвенцыяй).
Плошча складае 19 384 га. Яго тэрыторыя – гэта найбуйнейшы масіў нізінных балот Палесся ў пойме р. Ясельда, якія дайшлі да нас практычна ў першародным выглядзе. У межах знаходзіцца таксама возера Спораўскае плошчай 11,5 кв. км. Лясы і хмызнякі займаюць нязначную частку тэрыторыі заказніка. Большасць (74%) пакрыта лугавой і балотнай расліннасцю. Раслінны свет вельмі разнастайны – больш за 600 відаў сасудзістых раслін, сярод якіх венерын чаравічак, касач сібірскі, гарлачык белы, пылкагалоўнік чырвоны і іншыя занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Фаўна прадстаўлена 25 відамі млекакормячых, 196 відамі птушак, 6 відамі рэптылій, 8 відамі амфібій, 34 відамі рыб і больш за 245 відамі насякомых. Спораўскія балоты – самае буйное месцапражыванне вяртлявай чарацянкі – самай рэдкай пеўчай птушкі Еўропы. Таксама сярод ахоўных відаў бусел чорны, драч, дупель, чапля-бугай, сава балотная, мядзянка, чарапаха балотная, жаба чаротавая, бабёр, выдра, норка амерыканская, тхор, барсук і інш.
У заказніку функцыянуе эколага-асветніцкі цэнтр, маюцца добраўпарадкаваныя зоны адпачынку, шасцімятровая назіральная вышка. Па яго тэрыторыі пракладзена экалагічная сцежка, праводзяцца экскурсіі.