Ансамбль танца, музыкі і песні Віцебскай абласной філармоніі створаны ў 1993 г. балетмайстрам М. Падалякам, які і сёння з'яўляецца яго мастацкім кіраўніком і галоўным балетмайстрам. Мікалай Падаляк скончыў Гродзенскае культасветвучылішча (1977), Мінскі інстытут культуры (1983). З 1983 г. кіраваў наваполацкім ансамблем «Двинские зори», з 1987 г. – народным ансамблем песні і танца «Маладосць» (г. Віцебск). Ансамбль танца, музыкі і песні «Талака» – калектыў аднадумцаў, якіх аб'ядноўвае любоў да народнай творчасці і жаданне сумеснымі намаганнямі зберагчы і аднавіць багаты і яркі нацыянальны фальклор. У гэтым асноўная мэта яго дзейнасці. У склад ансамбля ўваходзяць харэаграфічная, вакальная і інструментальная групы. Рэпертуар вызначаецца разнастайнасцю. Аснова харэаграфічнай праграмы – народна-сцэнічныя танцы і харэаграфічныя замалёўкі розных рэгіёнаў Беларусі, якія па сваіх традыцыях, малюнку, манеры выканання і колеравай гаме касцюмаў значна адрозніваюцца адзін ад аднаго. У іх ліку такія вядомыя нумары, як «Крупчанская кадрыль», «Вясковы вальс», бытавы танец «Ойра», харэаграфічныя замалёўкі «Бабылі», «Кола», «Закаблукі», «Баравенчыкі» і інш. Рэпертуар не абмяжоўваецца толькі беларускімі танцамі, ён знаёміць з нацыянальнай культурай іншых народаў, якія пражываюць у Беларусі.
Песенны рэпертуар ансамбля прадстаўлены беларускімі народнымі песнямі ў апрацоўцы А. Рашчынскага, М. Дрынеўскага, А. Кашпура, аўтарскімі творамі беларускіх кампазітараў І. Лучанка, Л. Захлеўнага і інш. Маюць поспех мелодыі «Полька дзедава», «З рога ўсяго многа» і іншыя творы ў выкананні музыкантаў «Талакі». У складзе інструментальнай групы гучаць цымбалы, гармонік, жалейка, ліра, барабаны, бубны, трашчоткі.
Ансамбль танца, музыкі і песні «Талака» неаднаразова прымаў удзел у творчых справаздачах Віцебскай вобласці ў сталіцы Беларусі, яго канцэртныя нумары гледачы заўсёды прымалі вельмі цёпла. 30 лістапада 2012 г. калектыў выступіў на сцэне Вялікай залы Віцебскай абласной філармоніі з юбілейным канцэртам, прысвечаным 20-годдзю стварэння ансамбля. Яркая, самабытная творчасць калектыву атрымала заслужанае прызнанне не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ансамбль з поспехам гастраляваў у Расіі, Украіне, Польшчы, Латвіі, Балгарыі, Малдове, Германіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі.
За гады існавання «Талака» заняла дастойнае месца сярод прафесійных калектываў краіны і паспяхова ажыццяўляе асноўны напрамак сваёй дзейнасці – зберажэнне і аднаўленне нацыянальнай беларускай культуры, сцэнічнае ўвасабленне багатых песенных, танцавальных і музычных традыцый беларускага народа. Песні і музыка, якія ідуць з самай глыбіні душы артыстаў, злучаюць у адзінае цэлае нашу мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.