Антонаўка – вёска ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Знаходзіцца за 4 км на паўднёвы захад ад Калінкавіч і чыгуначнай станцыі Калінкавічы на лініі Гомель – Лунінец, 127 км ад Гомеля.
Гісторыя населенага пункта Антонаўка пачынаецца з XVIII ст., калі яна ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах як вёска Мазырскага павета Мінскага ваяводства. У 1784 г. яна мела статус мястэчка. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Антонаўка была ўладаннем роду Аскеркаў, затым Горватаў і налічвала 5 двароў. Паводле першага перапісу Расійскай Імперыі 1897 г. у мястэчку Антонаўка Дудзіцкай воласці жыло 196 жыхароў, было 26 двароў, меўся хлебазапасны магазін.
У пачатку студзеня 1919 г. мястэчка ўвайшло ў склад РСФСР, а ў выніку першага ўзбуйнення БССР (1924 г.) зноў было аднесена да тэрыторыі Беларусі. З 20 жніўня 1924 г. Антонаўка ў статусе вёскі пачала выконваць функцыі цэнтра сельсавета Калінкавіцкага раёна, з 27 верасня 1930 г. – Мазырскага раёна, з 3 ліпеня 1939 г. – зноў Калінкавіцкага раёна. У 1930 г. у вёсцы быў арганізаваны калгас, працавалі цагельня і смалакурня, пачатковая школа, якая пасля стала сямігадовай.
У гады Вялікай Айчынннай вайны Антонаўка была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, вызвалена войскамі Чырвонай арміі 14 студзеня 1944 г. Пасля вайны вёска адрадзілася. Згодна перапісу 1959 г. у ёй жыло 441 чалавек. Вёска з 08.01.1954 г. і па сённяшні дзень знаходзіцца ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, 28.06.1973 г. яна страціла статус цэнтра сельсавета. Сёння ў вёсцы працуюць клуб, бібліятэка, фельчарскі пункт, аддзел сувязі, крама, паблізу размешчана гаспадарка па вырошчванні чарнабурых лісіц і норак.
17 верасня 2022 г. каля Антонаўкі ў лесе адбылося адкрыццё партызанскай зямлянкі. Гэты помнік гераічнаму змаганню беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі стварыў не толькі візуальна-музейную прастору, але і стаў цэнтрам, вакол якога яднаюцца ваенна-гістарычныя клубы рэгіёна. У 2023 г. тут прайшоў рэспубліканскі патрыятычны фестываль “Партызаны Палесся”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.