Дата начала: 26.12.1922
Краткая справка: адкрытае акцыянернае таварыства, акцыянерны ашчадны банк, буйнейшая ўніверсальная фінансава-крэдытная ўстанова Беларусі
Названия на других языках: "Belarusbank" (английский); "АСБ Беларусбанк" (русский);
Предыдущие названия: Ашчадная каса; Ашчадны банк; Беларускі рэспубліканскі банк Ашчаднага банка СССР
ААТ “ААБ Беларусбанк” на працягу многіх гадоў з'яўляецца неад'емнай часткай банкаўскай сістэмы краіны, найважнейшай састаўляючай яе стабільнасці. Банк аб'ядноўвае ў сабе вялізны прафесійны вопыт і багатыя традыцыі, мае рэпутацыю надзейнага партнёра. Беларусбанк быў і застаецца надзейнай апорай беларускай эканомікі. Як найбуйнейшая крэдытна-фінансавая ўстанова рэспублікі банк актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўных праграм, інвестыцыйных праектаў, здзяйсняе крэдытаванне найважнейшых галін прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, сацыяльнай сферы. Прыярытэтным напрамкам дзейнасці банка застаецца абслугоўванне насельніцтва. Практычна кожная беларуская сям'я карыстаецца яго паслугамі, мільёны людзей давяраюць яму свае зберажэнні. Бясспрэчнай перавагай застаюцца шырокая філіяльная сетка і даступнасць банкаўскіх паслуг. Маштабы бізнэсу Беларусбанка – 12 мільярдаў долараў ЗША, памер капіталу – 1,34 мільярда долараў ЗША. Асноўным уласнікам з'яўляецца дзяржава. Прыбытак банка ў 2008 г. склаў 95 мільёнаў долараў ЗША.
Днём заснавання банка лічыцца 26 снежня 1922 г., калі пастановай Савета Народных Камісараў РСФСР “Аб заснаванні дзяржаўных ашчадных кас”, быў пакладзены пачатак ашчаднай справе ў савецкай Беларусі. Яго гісторыя – доўгі шлях ад першых ашчадных кас да рэспубліканскага ашчаднага банка, а ў наступным – да ААТ “ААБ Беларусбанк”. Кардынальныя змены, якія адбыліся за гэты час у палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці краіны, аказалі істотны ўплыў на характар дзейнасці ўсёй ашчаднай сістэмы, карэнным чынам змянілі стратэгію яе развіцця.
Непасрэдная арганізацыя ашчадных кас ускладалася на Наркамат фінансаў СССР, у склад якога 16 ліпеня 1923 г. увайшло Галоўнае ўпраўленне дзяржаўных працоўных ашчадных кас. 23 мая 1923 г. у Мінску была адкрыта першая Галоўная ашчадная каса № 16, якая ажыццяўляла кіраўніцтва работай па стварэнні сеткі ашчадных кас у Беларусі. За няпоўных два гады было створана 219 ашчадных кас, а да пачатку 1933 г. іх колькасць складала ўжо больш тысячы. Спачатку яны адкрываліся пераважна пры ўстановах Дзяржбанка і маглі прымаць уклады да запатрабавання, умоўныя і на бягучыя рахункі. У далейшым вялікае распаўсюджванне атрымала арганізацыя ашчадных кас пры фінансавых органах, паштова-тэлеграфных, чыгуначных і іншых буйных прадпрыемствах і арганізыцыях.
У канцы 1920-х гадоў была абвешчана палітыка індустрыялізацыі, асноўнай крыніцай фінансавання якой меркаваліся зберажэнні насельніцтва і пазыкі. Акумуляванне сродкаў на гэтыя мэты і стала галоўным напрамкам дзейнасці ашчадных кас таго часу.
Пашырэнне маштабаў дзейнасці ашчадных кас запатрабавала стварэння паўнацэнных органаў кіравання. У студзені 1930 г. на базе Галоўнай ашчаднай касы № 16 было створана Рэспубліканскае ўпраўленне дзяржаўных працоўных ашчадных кас, а з лютага 1931 г. – Рэспубліканскае ўпраўленне дзяржаўных працоўных ашчадных кас і дзяржаўнага крэдыту.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў БССР галоўным чынам завяршылася арганізацыйная пабудова сістэмы ашчадных кас. Ашчадныя ўстановы былі шырока прадстаўлены практычна ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. Да таго часу было ўтворана 1354 ашчадныя касы, а колькасць укладчыкаў дасягнула 423 тысячы.
Аднак паступальнае развіццё ашчаднай справы было перапынена Вялікай Айчыннай вайной. Ва ўмовах ваеннага часу галоўнай задачай стала захаванне і вываз каштоўнасцей Дзяржзнак. Упраўленне дзяржаўных працоўных ашчадных кас і дзяржаўнага крэдыту БССР было эвакуіравана ў Казань, дзе працавала да вызвалення Беларусі. Падчас вайны арганізоўваліся палявыя ашчадныя касы, якія здзяйснялі прыём і выдачу ўкладаў на франтах. Праводзілася падпіска на ваенныя пазыкі і збор сродкаў у Фонд абароны.
Перабудова эканомікі краіны і поспехі, дасягнутыя ў аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі, далі магчымасць у снежні 1947 г. правесці грашовую рэформу, якая на вельмі ільготных для асноўнай масы ўкладчыкаў умовах пераацэнкі ўкладаў паказала значэнне і ролю ашчадных кас, што спрыяла росту іх сеткі, асабліва ў сельскай мясцовасці.
Новы імпульс развіццё ашчаднай справы атрымала ў 1962 г., калі сістэма ашчадных кас была перададзена ў вядзенне Дзяржаўнага банка СССР. У той жа час была распрацавана першая доўгатэрміновая праграма развіцця гэтай сферы.
Чарговай значнай вехай у гісторыі беларускіх ашчадных кас стаў 1987 г., калі Урадам СССР была праведзена рэарганізацыя банкаўскай сістэмы. На базе дзяржаўных ашчадных кас стварыўся спецыялізаваны банк працоўных зберажэнняў і крэдытавання насельніцтва – Ашчадбанк СССР. У яго складзе быў утвораны і Беларускі рэспубліканскі банк Ашчадбанка СССР. У 1991 г. быў зацверджаны новы статут ашчаднага банка, у адпаведнасці з якім ён атрымаў магчымасць самастойна вызначаць сваю крэдытна-фінансавую палітыку.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 340 ад 30 жніўня 1995 г. шляхам зліцця Ашчаднага банка Рэспублікі Беларусь і Акцыянернага камерцыйнага банка “Беларусбанк” было арганізавана Адкрытае акцыянернае таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк”. Наступіў якасна новы этап у дзейнасці найстарэйшай крэдытнай установы краіны.
На сучасным этапе ААТ “ААБ Беларусбанк” – буйнейшая ўніверсальная крэдытна-фінансавая ўстанова краіны, якая прапануе сваім кліентам больш за 100 відаў паслуг і прадуктаў, у тым ліку па разлікова-касаваму абслугоўванню, крэдытаванню, дэпазітных аперацыях, лізінгу, факторынгу, інкасацыі, міжнародных і міжбанкаўскіх разліках, валютна-абменных і канверсійных аперацыях, аперацыях з банкаўскімі карткамі, кансалтынгавыя і дэпазітарныя паслугі.
“Беларусбанк” сёння – гэта філіяльная разгалінаваная сетка, якая ахоплівае ўсю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. На 01.12.2009 г. у структуру банка ўваходзіла 6 тэрытарыяльных упраўленняў, 72 філіялы, 1838 аддзяленняў, 65 цэнтраў банкаўскіх паслуг. ААТ “ААБ Беларусбанк” з'яўляецца галаўной арганізацыяй банкаўскага холдынга, удзельнікамі якога з'яўляюцца 16 даччыных прадпрыемстваў. Банк займае лідзіруючае становішча ў банкаўскай сістэме краіны па памерах актываў, аб'ёмах залучаных сродкаў насельніцтва, маштабах выдадзеных крэдытаў.
ААТ “ААБ Беларусбанк” падтрымлівае карэспандэнцкія адносіны больш чым з 900 банкамі з 84 краін свету. Паспяхова функцыяніруюць замежныя прадстаўніцтвы “Беларусбанка” ў Расіі, Польшчы, Германіі і Кітаі. У кастрычніку 2009 г. сусветна вядомае фінансавае выданне “Global Finance” прызнала ААТ “ААБ Беларусбанк” лепшым банкам Рэспублікі Беларусь.
Абапіраючыся на дасягнутае, “Беларусбанк” накіраваны ў будучыню, дзе галоўным крытэрыем будзе якасць паслуг, якія дае банк, пры захаванні іх даступнасці і камфортнасці, забеспячэнне дастатковай фінансавай устойлівасці банка.
Матэрыял падрыхтаваны ААТ “ААБ Беларусбанк” у 2010 г.