“Гродненские епархиальные ведомости” былі заснаваны згодна з загадам Свяцейшага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 2 снежня 1900 г. як часопіс Гродзенскай епархіі. Першы нумар выйшаў 7 студзеня 1901 г. пры непасрэдным удзеле епіскапа Гродзенскага Іаакіма. Часопіс выдаваўся штотыднёва з 1901 па 1915 г. у Гродзенскай губернскай друкарні. У 1901–1907 гг. яго рэдактарам быў гісторык і краязнаўца, свяшчэннік М.Р. Дзікоўскі.
На працягу першых гадоў існавання выданне мела невялікі аб’ём (8–12 с.) і не вызначалася асаблівым багаццем і разнастайнасцю зместу (апублікаваныя матэрыялы адносіліся пераважна да афіцыйнай дзейнасці царквы). 26 лістапада 1903 г. Гродзенскую епархію ўзначаліў епіскап Ніканор, які паказаў сябе энергічным адміністратарам, таленавітым прамоўцам, асобай з вялікімі навуковымі ведамі. Пры ім значна павялічыўся аб’ём часопіса (у сярэднім да 32 с.), пашырылася тэматыка публікацый.
“Гродненские епархиальные ведомости” складаліся з афіцыйнай і неафіцыйнай частак. У афіцыйнай частцы публікаваліся пастановы і распараджэнні царкоўнага кіраўніцтва, дзяржаўныя ўказы, якія адносіліся да царквы, паведамленні аб перамяшчэннях і вакансіях у прыходах епархіі, рашэнні і справаздачы Сінода і інш. Неафіцыйная частка змяшчала хроніку епархіяльнага жыцця, духоўныя артыкулы, інфармацыю аб прапаведніцкай і місіянерскай дзейнасці беларускіх і расійскіх епархій.
У “Гродненских епархиальных ведомостях” друкавалася шмат гістарычных дакументаў, успамінаў, навуковых матэрыялаў па гісторыі хрысціянскай рэлігіі і царквы, краязнаўства і інш. Сярод іх працы гісторыка і педагога Я.Ф. Арлоўскага “Судьбы Православия в связи с историей латинства и унии в Гродненской губернии в ХIX ст. (1794–1900)”, “Гродненские православные церкви в XVI в.”, протаіерэя І. Карчынскага “Очерк истории церковно-школьного дела в Гродненской губернии в ХІХ ст.”, свяшчэнніка Л.С. Паеўскага “Древняя соборная Пречистенская церковь (в г. Гродно)”, свяшчэнніка І. Пашкевіча “Мои семинарские воспоминания” і інш. М.Р. Дзікоўскім была апублікавана першая бібліяграфічная работа аб Гродзеншчыне “Опыт библиографического указателя, статей и заметок, касающихся истории церквей и монастырей Гродненской губернии”.
Друкаваліся на старонках выдання і этнаграфічныя матэрыялы, прысвечаныя апісанню народных звычаяў і абрадаў мясцовага насельніцтва. Змяшчаліся таксама духоўныя фельетоны, біяграфіі рэлігійных дзеячаў, асвятляліся важныя юбілейныя даты. У 1907–1909 гг. у якасці дадаткаў да часопіса публікаваліся кнігі і брашуры для народнага чытання.
У 1915 г. у час Першай сусветнай вайны “Гродненские епархиальные ведомости” спынілі дзейнасць у сувязі з акупацыяй тэрыторыі Гродзенскай губерні германскімі войскамі. У 1992 г. выданне было адноўлена.
У цяперашні час “Гродненские епархиальные ведомости” з’яўляюцца газетай, афіцыйным друкаваным органам Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Выданне асвятляе жыццё епархіі, місіянерскую, духоўна-асветніцкую дзейнасць. Выходзіць штоквартальна на рускай і беларускай мовах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.