Прыватнае прадпрыемства “Дарида” вядзе сваю гісторыю з пачатку 1990-х гг. 27 кастрычніка 1992 г. на тэрыторыі аграгарадка Ждановічы пад Мінскам з’явілася вытворча-камерцыйная фірма “Дарида”. Стваральнікам і першым кіраўніком стаў Уладзімір Віктаравіч Дзялендзік. Спачатку асноўным накірункам дзейнасці прадпрыемства было аказанне паслуг па грузаперавозках. З 1995 г. асноўнай спецыялізацыяй “Дариды” стала вытворчасць мінеральнай вады і безалкагольных напояў. 23 мая 1997 г. пачаў дзейнасць першы цэх па разліве мінеральнай вады і безалкагольных напояў. На працягу шасці гадоў было пабудавана сучаснае высокатэхналагічнае прадпрыемства, цэхі якога абарудаваны лініямі разліву італьянскай вытворчасці сумарнай магутнасцю да пятнаццаці мільёнаў бутэлек у месяц. Дзейнічаюць цэхі па выпуску газіраваных і негазіраваных натуральных мінеральных і пітных вод, безалкагольных напояў, па выпуску ПЭТ-прэформ і ўкупорачных коркаў для іх. Усе вытворчыя працэсы на “Дариде” аўтаматызаваныя, што забяспечвае высокую якасць прадукцыі.
На тэрыторыі прадпрыемства размешчаны тры водазаборныя свідравіны: з адной ідзе здабыча пітных вод (глыбіня 266 м), з двюх другіх – мінеральных (глыбіня 387 м і 410 м). Гэтыя свідравіны размешчаны ў адным ваданосным гарызонце з санаторыем “Крыніца” і Дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Ждановічы”. Згодна з заключэннем цэнтральнай лабараторыі РУП “Белгеалогія” пітная вада “Дарида” з’яўляецца адной з лепшых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адпавядае вышэйшай катэгорыі па нарматыўных дакументах Расійскай Федэрацыі. Уся прадукцыя прадпрыемства мае сертыфікаты адпаведнасці, выдадзеныя Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. Якасць сыравіны і гатовай прадукцыі кантралююць уласныя хімічная і мікрабіялагічная лабараторыі, атэставаныя РУП “БелНДІ харчовых прадуктаў”. У 2005 г. прадпрыемства “Дарида” першым сярод вытворцаў мінеральных вод з краін СНД атрымала сертыфікат аб прызнанні мінеральнай лячэбна-сталовай вады “Дарида” натуральнай мінеральнай вадой, якасць якой адпавядае еўрапейскім стандартам і патрабаванням Еўрасаюза. У 2008 г. “Дарида” атрымала права маркіраваць сваю прадукцыю знакам “Натуральны прадукт”. Знак “Натуральны прадукт” сведчыць аб выкарыстанні натуральнай сыравіны для вытворчасці прадукцыі, а таксама аб тым, што прадукцыя прадпрыемства адпавядае гігіенічным нарматывам і яе можна выкарыстоўваць для дзіцячага харчавання.
Сёння прыватнае прадпрыемства “Дарида” выпускае ваду мінеральную лячэбна-сталовую, ваду газіраваную штучна мінералізаваную, шырокі асартымент пітной вады, у тым ліку ўзбагачанай вітамінам С, ёдам, селенам, 15 найменняў безалкагольных газіраваных напояў. Аўтаматызаваныя вытворчыя працэсы – выраб бутэлек, разліў, упакоўванне гатовай прадукцыі, наклейванне этыкетак – дазваляюць прадпрыемству выпускаць шырокі асартымент прадукцыі, хутка рэагаваць на змяненне спажывецкага попыту. Прадукцыя прыватнага прадпрыемства “Дарида” экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю, Літву, Латвію і Эстонію. Экспарт складае каля 15% ад агульнага аб’ёма прадукцыі.
Высокая якасць пітных і мінеральных вод і безалкагольных напояў “Дариды” шмат разоў была пацверджана дыпломамі, медалямі і званнямі. Прадукцыя прадпрыемства атрымала залаты і сярэбраны медалі міжнароднага конкурсу-дэгустацыі “Бістро – 98”, дыплом пераможцы конкурса “Лепшая прадукцыя 2000 года – экалагічна чыстыя безалкагольныя напоі”, званне “Лепшы прадукт на расійскім рынку ў 2001 годзе”. У 2002 г. мінеральная вада “Дарида”, пітная вада “Йодная Дарида” і безалкагольны напой “Шиповник” сталі лаўрэатамі конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”. Па выніках конкурсу “Брэнд года – 2012” брэнд “Дарида” названы “Брэнд-лідарам” у спажывецкай намінацыі ў таварнай групе “Мінеральная і пітная вада”. Па выніках 2012 г. прадпрыемства “Дарида” атрымала дыпломы І ступені рэспубліканскага конкурсу “Брэнд года – 2012” у намінацыях “Мінеральная вада”, “Пітная вада” і “Газіраваныя напоі”.
Першы кіраўнік прадпрыемства і яго генеральны дырэктар Уладзімір Віктаравіч Дзялендзік зрабіў “Дариду” адным з лідараў рынку. У 2000–2008 гг. ён з’яўляўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ІІ і ІІІ склікання, быў намеснікам старшыні камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў. У.В. Дзялендзік удастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у развіцці айчыннага спорту і ўдасканаленне спартыўнай базы краіны, узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дыпломамі “Лепшы прадпрымальнік 1999 г.” і “Лепшы прадпрымальнік 2000 г.”. Сёння прадпрыемства ўзначальвае Віктар Анатольевіч Каток. Пад яго кіраўніцтвам прыватнае прадпрыемства “Дарида” працягвае нарошчваць аб’ёмы вытворчасці.
“Дарида” актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю: падтрымлівае ўстановы культуры, спартыўныя арганізацыі і медыцынскія ўстановы, Ждановіцкі дзіцячы дом для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, аказвае дапамогу інвалідам, ветэранам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Мінскай абласной бібліятэкай імя А.С. Пушкіна сумесна з аддзелам рэкламы прыватнага прадпрыемства “Дарида”.