Дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Дата начала:
1646 Дзятлава, г., Гродзенская вобласць
Краткая справка:
помнік архітэктуры "віленскага барока" (ракако), унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі; Дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі; Дзятлаўскі касцёл Успення Багародзіцы; Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Названия на других языках:
Church of the Assumption of the Blessed Virgin Mary (английский); Kościół Wniebowzięcia Najświętszej Maryi Panny (польский); The Virgin Maria Ascension Catholic Church (английский); Дятловский костёл Вознесения Пресвятой Девы Марии (русский); Дятловский костёл Успения Богородицы (русский);
2165 символов
Справка
Яркім упрыгожаннем г. Дзятлава (Гродзенская вобласць) з’яўляецца белакаменны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Згодна з гістарычнымі крыніцамі, парафія ў мястэчку была заснавана вялікім князем літоўскім Аляксандрам у 1492 г. Існавала тут і драўляная святыня, на месцы якой у 1624 г. па фундацыі вялікага канцлера літоўскага Льва Сапегі і яго сына Казіміра пачалося ўзвядзенне новага мураванага касцёла. Будаўніцтва храма скончана ў 1646 г., а яго асвячэнне праведзена ў 1674 г. віленскім біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім.
Аднанефавы будынак з масіўнай алтарнай апсідай і двума нізкімі сакрыстыямі быў накрыты двухсхільным дахам, над апсідай – конусападобным. Сцены, прарэзаныя вялікімі вокнамі з паўцыркульным завяршэннем, умацаваны вертыкальнымі контрфорсамі. Унутранае ўбранства вылучалася багаццем, у інтэр’еры былі ўсталяваны скульптуры майстра Кастэлі. Вядома, што пры непасрэдным удзеле Казіміра Сапегі ў касцёле вялося збіранне бібліятэкі (не захавалася).
У XVIII ст. у храме служылі айцы ордэна Святога Роха. Вялікі пажар, які адбыўся ў мястэчку, знішчыў галоўны фасад і інтэр’ер будынка. У 1743–1751 гг. праводзіліся аднаўленчыя работы паводле праекта архітэктара Аляксандра Асікевіча. Іх фундатарамі выступілі ваявода навагрудскі Мікалай Фаустын Радзівіл і яго жонка Барбара з Завішаў. У гэты перыяд на галоўным фасадзе ўзвялі высокія скразныя трох’ярусныя вежы. Паміж імі размясцілі фігурны франтон з рэльефам Усёвідушчага Вока, над уваходным парталам – рэльефную выяву Маці Божай з немаўлём, у нішах – скульптуры святых, галоўкі анёлаў і херувімаў. У інтэр’еры ўзведзены сем каменных алтароў. Алтарную частку аддзялілі ад залы высокім арачным праёмам. Пасля чарговага пажару 1882 г. быў заменены дах будынка. На хорах усталявалі новы арган, упрыгожаны накладной разьбой па дрэве і пазалотай (1911, майстар В. Бярнацкі). Інструмент вылучаецца незвычайнай канструкцыяй уключэння рэгістраў, адзінай у Беларусі.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ўвесь час свайго існавання дзейнічаў. Цяпер ён уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.