Дата начала:
1524 Гнезна, аг., Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Гнезнаўскі Міхайлаўскі касцёл; Касцёл Святога Архангела Міхаіла; Касцёл Святога Міхаіла Архангела; Касцёл Святога Міхала Арханёла; Касцёл у гонар Святога Міхала Арханёла
Названия на других языках:
Church of St. Michael the Archangel (английский); St. Michael Catholic Church (английский); Гнезновский костёл Михаила Архангела (русский); Гнёзновский костёл Святого Михаила Архангела (русский); Гнезновский Михайловский костёл (русский);
2686 символов
Справка
Сярод помнікаў дойлідства на тэрыторыі Беларусі асабліва вылучаецца Касцёл Святога Міхаіла Архангела ў аграгарадку Гнезна (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці), які да нашых дзён захаваў сваё першапачатковае гатычнае аблічча з элементамі рэнесансу.
Узведзены ён быў у 1524 г. па фундацыі ўладальнікаў маёнтка Яна і Альжбеты Шамятовічаў на месцы старажытнага капішча і старога драўлянага касцёла. Будынак змураваны з чырвонай цэглы-пальчаткі ў гатычнай тэхніцы, неатынкаваны, фасады аздоблены фасоннай цэглай. Складаўся з шырокага прамавугольнага нефа і трохграннай алтарнай часткі, быў накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам. На галоўным фасадзе меў велічную шмат’ярусную вежу. Сцены будынка прарэзаны вялікімі вокнамі ў выглядзе стральчатых арак і ўмацаваны адмысловымі контрфорсамі, форма якіх не сустракаецца больш ні ў адным помніку беларускай готыкі. Унутры меў драўляную падлогу і столь, якую падтрымлівалі драўляныя слупы. У заходняй частцы над уваходам былі размешчаны хоры, да якіх вяла вузкая лесвіца ў тоўшчы сцяны. Інтэр’ер упрыгожвалі алтары святога Міхаіла, святога Яўстафія, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і святой Ганны. Падзямелле касцёла доўгі час выкарыстоўвалася для пахавання ўладальнікаў Гнезна і іншых знакамітых асоб.
Касцёл быў асвечаны ў 1527 г. Пасля пераходу ва ўладанне да Гераніма Хадкевіча ён ператвораны ў кальвінскі збор (1555). Вернуты католікам у 1643 г. У часы Паўночнай вайны 1700–1721 гг. храм быў моцна разбураны. Намаганнямі ксяндза С. Гарбоўскага і арандатара маёнтка Я. Трапінскага адбудаваны. Згодна з дакументамі, тады ў ім пераслалі падлогу, замянілі столь і 12 драўляных слупоў, перакрылі гонтавы дах і зрабілі новыя аконныя рамы. У ХІХ ст. у выніку ваенных дзеянняў і некалькіх пажараў знішчаны дах касцёла, плябанія і іншыя пабудовы. Уладальнікам маёнтка Г. Тарасевічам храм адноўлены, а вакол узведзена мураваная агароджа. У наступныя гады касцёл працягвалі рамантаваць, аднак будынак патрабаваў ужо грунтоўнай рэканструкцыі. У 1924 г. была створана спецыяльная камісія па рэстаўрацыі, па выніках працы якой у 1930-я гг. пад кіраўніцтвам архітэктара Т. Плюцынскага адноўлены фасады, дабудаваны разбураны ярус вежы, перароблена сакрыстыя і інш.
У гады савецкай улады храм працаваў з перапынкамі. У 1968 г. будынак канфіскаваны пад калгаснае сховішча. Быў вернуты Каталіцкай царкве і паўторна асвечаны біскупам Тадэвушам Кандрусевічам у 1990 г. У наступныя гады ішла яго паступовая рэстаўрацыя. У цяперашні час Касцёл Святога Міхаіла Архангела знаходзіцца ў добрым стане і дзейнічае. Будынак унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.