Гомельская цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.І. Герцэна (ЦГБ) – гэта інфармацыйны, адукацыйны і культурны цэнтр, які абслугоўвае ўсе катэгорыі насельніцтва і з’яўляецца метадычным, каардынацыйным цэнтрам для бібліятэк-філіялаў вобласці. Заснавана ў красавіку 1919 г. як Гомельская гарадская бібліятэка. На момант адкрыцця кніжны фонд складаў 55 тыс. тамоў. Яго асновай сталі кнігі бібліятэкі Гомельскага аддзялення Таварыства распаўсюджання асветы паміж яўрэямі, якая на той час мела багатую калекцыю і добра складзены каталог, а таксама зборы раней існуючых бібліятэк, прыватных асоб і ўстаноў (нацыяналізаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.). Бібліятэка размясцілася па вуліцы Замкавай (зараз праспект Леніна) у доме №59, дзе займала адзінаццаць пакояў (дарэчы, за час свайго існавання памяняла шэсць адрасоў). З 1925 г. яна ўпершыню ўпамінаецца ў дакументах як Цэнтральная губернская бібліятэка імя А.І. Герцэна. Ёсць падставы меркаваць, што імя рускага рэвалюцыянера, пісьменніка, філосафа і публіцыста прысвоена бібліятэцы ў сувязі з 55-годдзем са дня яго смерці.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны фонд эвакуіравалі ў Казань, адкуль кнігі назад ужо не вярнуліся. Пасля вайны бібліятэку прыйшлося ствараць практычна занава. У 1977 г. у Гомелі была праведзена цэнтралізацыя сеткі дзяржаўных масавых бібліятэк, і ЦГБ імя А.І. Герцэна ўзначаліла гарадскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, стала каардынацыйным і метадычным цэнтрам для 17 гарадскіх бібліятэк. На яе базе і зараз праводзяцца семiнары, круглыя сталы, урокi прафесiйнага майстэрства.
У дзень свайго 90-годдзя (2009) бібліятэка атрымала новы будынак з шасцю заламі, разлічанымі на вялікую колькасць наведвальнікаў. Па-ранейшаму галоўным у бібліятэчным абслугоўванні застаецца чытач, яго адукацыйныя, эстэтычныя і духоўныя патрабаванні. Карыстальнікамі бібліятэкі з’яўляюцца розныя катэгорыі гарадскога насельніцтва, самая шматлікая з іх (60%) – навучэнцы і студэнцкая моладзь. Структуру бібліятэкі складаюць аддзелы абанемента, інфармацыйна-бібліяграфічны, камплектавання і апрацоўкі літаратуры, бібліятэчнага маркетынгу, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, сектар аўтаматызацыі і інфармацыйных тэхналогій, выставачная, краязнаўчая, чытальная залы, а таксама зала для дзяцей.
Бібліятэка для гараджан з’яўляецца цэнтрам культурных зносін, забаўляльных вандровак у свет нязведанага, цікавых сустрэч творчых асоб, нязгаснай крыніцай ведаў. Пры бібліятэцы дзейнічае гарадское краязнаўчае таварыства, літаратурна-мастацкі салон “Сустрэчы на Замкавай”, літаратурнае аб’яднанне “Дэбют”. У 2001 г. іх праца атрымала высокую ацэнку на абласным i рэспублiканскiм узроўнi – ЦГБ імя А.І. Герцэна стала пераможцам рэспублiканскага конкурсу “Бiблiятэка – асяродак культуры” i абласнога – “Бiблiятэка, неабходная грамадству”, на якiм была адзначана работа ў вобласцi гiстарычнага i лiтаратурна-мастацкага краязнаўства.
Дзякуючы камп’ютарызацыi бiблiятэка атрымала магчымасць актывiзаваць выдавецкую дзейнасць, якая вядзецца на ўсю бiблiятэчную сiстэму. Сярод выданняў ЦГБ імя А.І. Герцэна – “Бюлэтэнь новых паступленняў у бібліятэкі ГЦБС”, “Гомель у цэнтральным друку: бібліяграфічны спіс”, “Экалогія і сучаснасць: інфармацыйны бюлетэнь” і інш. Бібліятэка актыўна заяўляе пра сябе ў СМІ, працуе з грамадскасцю і спонсарамі. Пры бібліятэцы дзейнічае Публічны цэнтр прававой інфармацыі, створаны камерцыйны фонд найбольш папулярнай літаратуры, карыстальнікам прапаноўваюцца дадатковыя платныя паслугі. Бібліятэка жыве і развіваецца ў адпаведнасці з рэаліямі часу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай імя У.І. Леніна.