Краткая справка:
адкрытае акцыянернае таварыства па перапрацоўцы малака ў складзе холдынга "Гроднамясамалпрам", лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2002, 2010, 2015, 2018, 2021)
Названия на других языках:
"Molochnyj Mir" (английский); "Молочный Мир" (русский);
Буйным прадпрыемствам ў галіне перапрацоўкі малака з'яўляецца ААТ «Малочны Мір» у Гродна. Яго гісторыя пачалася з кастрычніка 1938 г. Прадпрыемства прайшло некалькі этапаў станаўлення. Першая рэканструкцыя была завершана ў 1967 г. Магутнасць складала 50 тон перапрацоўкі малака ў суткі. Другая рэканструкцыя пачалася ў 1988 г. і паспяхова завяршылася ў 1993 г. У 1996 г. прадпрыемства набыло статус акцыянернага таварыства, а з мая 2007 г. – сваю сучасную назву «Малочны Мір». У склад прадпрыемства ўваходзяць: цэх марожанага; цэх па разліву мінеральнай вады і безалкагольных напояў; два сепаратарных аддзяленні па першаснай перапрацоўцы малака ў Індуры і Сапоцкіне; два філіялы па перапрацоўцы малака ў Скідзелі і Бераставіцы; сельскагаспадарчае вытворчае прадпрыемства «Аграсвет».
Сёння прадпрыемства валодае сучаснымі памяшканнямі для перапрацоўкі малака са складаным тэхналагічным абсталяваннем. Вытворчасць малочных прадуктаў ажыццяўляецца па замкнёным цыкле. Шырэй ужываюцца сродкі аўтаматыкі, камп'ютарызацыі, чым практычна выключаецца магчымасць тэхналагічных адхіленняў у працэсе вытворчасці і гарантуецца стабільная якасць прадукцыі. Прадпрыемства імкнецца да поўнай аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў, укаранення найноўшых і ўдасканалення традыцыйных тэхналогій, якія палепшаць якасць і павысяць бяспеку прадукцыі. ААТ «Малочны Мір» мае акрэдытаваную выпрабавальную лабараторыю, абсталяваную сучаснымі прыборамі, якія дазваляюць на працягу 15–20 хвілін вызначыць якасць малака. Штогод перапрацоўваецца прыкладна 160 тыс. тон малака, з якога вырабляюцца: цэльнамалочная прадукцыя, цвёрдыя сычужныя, мяккія, плаўленыя сыры, масла, марожанае і інш. На вытворчасці працуе больш за тысячу чалавек. Прадпрыемства ўмела спалучае вопыт і традыцыі з навінкамі і інавацыямі, бо попыт на малочную прадукцыю з кожным годам павялічваецца. Асаблівы гонар прадпрыемства і хутка акупны праект – гэта перапрацоўка сыроваткі. Некалікі гадоў таму назад была асвоена гэта тэхналогія, і цяпер з адходаў прадпрыемства атрымлівае прыбыткі. Большасць сыроваткі ідзе на экспарт у Расію. Навінкамі апошніх гадоў з'яўляюцца пітныя ёгурты і малако з фруктовымі напаўняльнікамі. Глазураваныя сыркі ўпершыню сышлі з канвеера каля 10 гадоў таму назад, але і зараз попыт на іх не ўпаў. Ласунак, які падабаецца і дарослым, і дзецям, выпускаецца ў 20-ці розных відах. Ганарыцца «Малочны Мір» і сваім смачным марожаным з натуральнай сыравіны. Выпускаецца каля 2 тыс. тон у год. Асартымент налічвае больш за 100 відаў марожанага і штогод папаўняецца навінкамі. У цяперашні час цэх марожанага – гэта сучасная вытворчасць: перадавыя метады; найноўшае абсталяванне; кваліфікаваныя спецыялісты. Кампанія часта здзіўляе пакупнікоў навінкамі. Асартымент тавараў штогод абнаўляецца на 18–25 %. ААТ «Малочны Мір» – гэта не толькі шырокі асартымент малочных прадуктаў. Тут выпускаецца і даволі вялікі спектр прадукцыі, які не традыцыйны для малочных камбінатаў. На прадпрыемстве ўведзена ў дзеянне свая артэзіянская свідравіна глыбінёй у 300 метраў. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца мінеральная вада «Шивите», «Шивите 1» і «Шивите 2», «Поречье», «Поречье Элитная» і «Поречье Кложская». Да вытворчасці малочнай прадукцыі, пітной і мінеральнай вады дабавіліся натуральныя сокі. У філіяле «Аграсвет» на плошчы ў 215 га раскінуўся сад, дзе пасаджаны яблыні, чарнаплодная рабіна, чорная парэчка, агрэст і інш.
Прадукцыю з яркім лагатыпам «Малочны Мір» можна ўбачыць на прылаўках амаль ва ўсіх кутках Беларусі. Для яе аператыўнай дастаўкі спажыўцам ёсць свой аўтапарк, які налічвае больш за 100 спецыялізаваных машын. І кожную раніцу, круглы год, яны спяшаюцца даставіць свежы і натуральны тавар ва ўсе рэгіёны нашай краіны.
Сёння камбінат забяспечвае прадуктамі харчавання не толькі жыхароў рэспублікі, але і штогод нарошчвае экспартны патэнцыял. У аб'ёме рэалізацыі малочнай прадукцыі ўдзельная вага экспарту займае каля 40 %. Уражвае геаграфія паставак за межы Беларусі: Расія, Арменія, Малдова, Казахстан, Ізраіль. Высокая якасць тавару дае магчымасць акцыянернаму таварыству ўдзельнічаць у прэстыжных выставах і кірмашах як на ўнутраным, так і знешнім рынках. Разнастайная прадукцыя пад брэндам «Малочны Мір» адзначана мноствам узнагарод, і гэтая скарбонка штогод папаўняецца. У іх ліку акрамя айчынных – «Знак якасці ХХI стагоддзя», які быў уручаны беларускаму прадпрыемству на міжнароднай выставе ў Маскве, залатыя і сярэбраныя медалі прэстыжнай міжнароднай выставы-кірмашу «Агрорусь», што праходзіць у Санкт-Пецярбургу і інш. Аб высокім узроўні тэхналогій і якасці прадукцыі сведчыць і сертыфікат «Натуральны прадукт» (права на маркіроўку прадпрыемства атрымала ў 2009 г). Сёння спецыяльным зялёным знакам пазначаны больш за 18 відаў тавараў. Масла, тварог, смятана, малако, кефір і лячэбна-сталовая мінеральная вада з зялёнай маркіроўкай карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў пакупнікоў.