Аляксандр Аляксандравіч Абадоўскі нарадзіўся ў Гродне. Скончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі ў Маскве. З 1982 г. пачаў працаваць на кінастудыі “Беларусьфільм”, з 2013 г. у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе выкладае курсы: “Аператарскае майстэрства”, “Камбінаваныя здымкі і спецэфекты”, “Тэлекінасвятлотэхніка”, “Праца кінааператара з рэжысёрам”. З'яўляецца мастацкім кіраўніком завочнага курса студэнтаў.
Як аператар А. Абадоўскі зняў мастацкія фільмы “Л.С.” (1987), “На чыгунцы” (1988), “Круглянскі мост” (1989), “Зязюліны дзеці” (1991), “Дзякуй Богу, не ў Амерыцы...” (1992), “Душа мая, Марыя” (1993), “Батанічны сад” (1997), “Армія выратавання” (1999), “Бальная сукенка” (2003), “Вам – заданне!”(2004), “Радзіма ці смерць” (2007), тэлефільмы “Белае адзенне” (1992, з А. Калашнікавым і С. Мілешкіным), “Рыфмуецца з каханнем...” (2007), тэлесерыялы “Тры талеры” (2005) і “Цень Самурая” (2008). Сярод дакументальных фільмаў у “Белвідэацэнтры” – “Аляксандр Кішчанка. Гульні генія” (1995), “Мір на зямлі волатаў” (1997), “Ліза”, “Іван Ахрэмчык у часе”, “Сафія Полацкая” (усе 1998), “Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча” (2002) і інш.; у творчым аб'яднанні “Летапіс” – “Тэма для пакаяння” (1990) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны УК “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна” ў 2017 г.