Уладзімір Фёдаравіч Лузгін, былы старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага банка Ашчадбанка СССР, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны эканаміст Рэспублікі Беларусь нарадзіўся 6 лістапада 1926 г. у в. Холм Ульскага раёна (зараз Бешанковіцкі) Віцебскай вобласці. Да 1941 г. паспеў скончыць 8 класаў 2-ой Сталінскай СШ у Віцебску. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў 17-летнім узросце ў 1943 г. пайшоў у партызанскі атрад імя Варашылава брыгады імя У.І. Леніна, дзе ваяваў да злучэння з часткамі Савецкай Арміі. З 1944 па 1951 г. служыў ва Узброеных Сілах СССР.
У 1952 г. Уладзімір Фёдаравіч звязаў сваё жыццё з ашчаднай справай краіны. Працаваў спачатку інспектарам Цэнтральнай ашчаднай касы Ульскага раёна, а з 1954 г. – яе загадчыкам. У 1960 г. завочна скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі і атрымаў дыплом эканаміста. З 1960 па 1970 г. працаваў на пасадзе начальніка Гродзенскага абласнога упраўлення дзяржпрацаашчадкас. З 1970 па 1987 г. узначальваў Праўленне дзяржпрацаашчадкас і дзяржкрэдыту БССР, з 1987 па 1992 г. Уладзімір Фёдаравіч Лузгін — старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага банка Ашчадбанка СССР.
Працоўныя і воінскія дасягненні Уладзіміра Фёдаравіча былі адзначаны вялікай колькасцю ўзнагарод і прэмій. Сярод іх: ордэн Айчыннай вайны II ступені, ордэн “Знак Пашаны”; медалі “За адвагу”, “Ветэран працы”, “За перамогу над Германіяй” і шмат іншых; Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР. Яму прысвоены ганаровыя званні: “Заслужаны эканаміст БССР”, “Выдатнік фінансавай працы”, «Выдатнік АСБ “Беларусбанк”». За асаблівыя заслугі перад краінай з 1993 г. Уладзімір Фёдаравіч Лузгін з'яўляецца персанальным пенсіянерам. Уваходзіць у Беларускую грамадскую арганізацыю ветэранаў АСБ “Беларусбанк”.