Аляксандр Уладзіміравіч Галапяцін нарадзіўся 3 студзеня 1949 г. у в. Сасноўка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1971 г. скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут і ўладкаваўся на працу на вытворчае аб’яднанне “Гомсельмаш”. Аляксандр Уладзіміравіч пачаў свой працоўны шлях на заводзе майстрам. З 1990 г. з’яўляецца галоўным інжынерам прадпрыемства.
Аляксандр Уладзіміравіч — кандыдат тэхнічных навук, аўтар шматлікіх вынаходстваў у галіне вытворчасці кормаўборачнай тэхнікі. У 2000 г. за шматгадовую і добрасумленную працу ўзнагароджаны ордэнам Пашаны, атрымаў ганаровае званне «Заслужаны працаўнік ВА “Гомсельмаш”».
Падчас працы на пасадзе галоўнага інжынера Аляксандр Уладзіміравіч унёс значны ўклад у развіццё аб’яднання: удзельнічаў у паэтапным тэхнічным пераўзбраенні, якое значна паўплывала на якасць і надзейнасць прадукцыі прадпрыемства; распрацоўваў канструкцыі кормаўборачных, збожжаўборачных, льноўборачных машын; аналізаваў вынікі эксплуатацыі машын і ўносіў змены ў іх канструкцыю для павелічэння надзейнасці і якасці выканання тэхналагічнага працэсу.
А.В. Галапяцін праводзіць кансультаванне і кіруе практыкай студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога.