Генрых Уладзіміравіч Губіш нарадзіўся 7 красавіка 1932 года ў г. Душанбэ (Таджыкістан). Пасля заканчэння архітэктурнага факультэта Ленінградскага інжынерна-будаўнічага інстытута (1956) працаваў архітэктарам і галоўным архітэктарам праектаў у інстытуце Таджыкпраект (г. Душанбэ). Падчас працы ўдзельнічаў у стварэнні гарадскога Палаца піянераў і школьнікаў, гандлёвага цэнтра, кінатэатра на 800 месцаў з вантавым пакрыццём, інтэр’ера Дома архітэктараў і шэрагу іншых пабудоў у г. Душанбэ.
У 1959 г. Г. У. Губіш прыняты ў Саюз архітэктараў СССР, у 1960 г. абраны членам праўлення (намеснікам старшыні) Таджыкскага аддзялення Саюза архітэктараў.
З 1966 па 1981 гг. працаваў у Мінску галоўным архітэктарам праектаў і галоўным архітэктарам майстэрні ў інстытутах “Мінскпраект”, “Белкамунпраект”, “Белжылпраект”. Генрых Уладзіміравіч з’яўляецца аўтарам "Альбома типовых надгробий" (1969), праекціроўшчыкам рэканструкцыі і інтэр'ераў магазіна "Кветкі" на Ленінскім праспекце (зараз – праспект Незалежнасці; 1970), Агенцтва друку "Навіны" (1973), Палаца культуры прафсаюзаў (1980), малых форм Цэнтральнага батанічнага сада Акадэміі навук Беларусі (1973), жылых дамоў у Мінску. Суаўтар помніка “Курган Славы Савецкай Арміі” на 21-м км шашы Мінск–Масква.
З 1981 па 1992 гг. Г. У. Губіш працаваў архітэктарам у Прыморскіх мастацкіх майстэрнях Далёкаўсходняга аддзялення Саюза мастакоў СССР. Аўтар праекта Мастацкага салона і суаўтар перапланіроўкі Мастацкага музея ў г. Уладзівастоку (Расія), аўтар насценнага роспісу сталовай Марской станцыі Інстытута біялогіі мора Далёкаўсходняга аддзялення Акадэміі навук СССР.
Генрых Уладзіміравіч з’яўляецца суаўтарам кнігі па экалогіі "Что мы оставим потомкам?" (1982). Аўтар артыкулаў у часопісе "Архитектура СССР". Выкладаў курс "Гісторыя сусветнай культуры" ў Прыморскім краявым фондзе "Дзеці, творчасць, культура, адукацыя" ў г. Уладзівастоку. Выступаў з цыклам перадач па пытаннях мастацтва на тэлебачанні г. Душанбэ, з лекцыямі па пытаннях мастацтва ў творчых арганізацыях Уладзівастока і Мінска. Удзельнік выстаўкі "Камп’ютарная графіка" ў мінскім Доме архітэктара (2009–2010).
З 1979 г. сапраўдны член Геаграфічнага таварыства СССР. Браў удзел у шматлікіх паходах па гарах Сярэдняй Азіі і Каўказа, Далёкаўсходняй тайзе, падарожнічаў на матацыкле па Беларусі, Украіне і Германіі, а таксама ўдзельнічаў у паходах на байдарцы па Японскім моры.
Даведка падрыхтавана ў 2011 г. на аснове матэрыялаў, прадастаўленых Г. У. Губішам.