Дата рождения: 31.05.1892 Гомель ці г. Рэчыца, г.
Дата смерти: 04.11.1968
Краткая справка: французскі мастак, аўтар партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў
Варианты имени: Кікоін Міхаіл Канстанцінавіч; Кікоін Мішэль
Имена на других языках: Kikoine Mikhail (Michel) (не определен); Кикоин Михаил (русский); Кикоин Михаил Константинович (русский);
Міхаіл Кікоін з’яўляецца адным з самых яркіх прадстаўнікоў Парыжскай школы жывапісу. Яго творчасці ўласцівы аптымізм, любоў да жыцця, лірызм.
Нарадзіўся ён у Гомелі ў сям’і банкаўскага служачага. У 1892 г. бацькі пераехалі ў г. Рэжыцу Віцебскай губерні (цяпер г. Рэзэкнэ, Латвія), з 1904 г. жылі ў Мінску. У 1905 г. М. Кікоін паступіў у камерцыйнае вучылішча і адначасова наведваў прыватную Малявальную школу мастака Я. Кругера – папулярнага ў той час партрэтыста. Там пазнаёміўся з Х. Суціным, сяброўства з якім працягвалася доўгія гады. Падлеткі марылі стаць сапраўднымі майстрамі жывапісу. Яны з задавальненнем малявалі з натуры, рабілі гіпсавыя злепкі, слухалі лекцыі па гісторыі мастацтва. У 1910 г. па рэкамендацыі Я. Кругера сябры паехалі ў Вільню, дзе паспяхова здалі ўступныя экзамены ў Віленскую малявальную школу акадэміка І. Трутнева. За тры гады навучання М. Кікоін авалодаў тэорыяй жывапісу, кампазіцыяй, чарчэннем, маляваннем маслам, акварэллю і мастацтвам лепкі. У школе сустрэў П. Крэменя, які стаў яшчэ адным яго сябрам. У Вільні М. Кікоін пачаў цікавіцца палітыкай і ўступіў у Бунд – яўрэйскую сацыял-дэмакратычную партыю. У 1912 г. абставіны вымусілі мастака эмігрыраваць у Францыю. У Парыжы М. Кікоін жыў спачатку ў сваякоў, потым знайшоў прытулак у майстэрнях скульптара Ж.-А. Фальгіера. У 1914 г. пераехаў у «Вулей» (так называлі будынак, які французскі мецэнат А. Бушэ здаваў маладым мастакам і літаратарам). Жыццё там было даволі суровым – перабоі з электрычнасцю, адсутнасць водаправода, у большасці майстэрняў не было ацяплення. Мастакі, сярод якіх – выхадцы з Беларусі Я. Балглей, П. Крэмень, Х. Суцін, М. Шагал і іншыя, падтрымлівалі адзін аднаго і імкнуліся прадоўжыць адукацыю ў парыжскіх мастацкіх школах і музеях. Міхаіл Кікоін вучыўся ў Нацыянальнай школе прыгожых мастацтваў у Ф. Кармона і наведваў Акадэмію дэ ла Гранд Шам’ер. Каб зарабіць на жыццё, рэтушаваў фота, распісваў шыльды, ілюстраваў папулярны літаратурна-мастацкі часопіс «Махмадзім», працаваў падсобным рабочым пры мантажы выставак, разгружаў па начах вагоны.
У 1914 г. пачалася Першая сусветная вайна і М. Кікоін запісаўся ў дзеючую армію. Праз некаторы час па стане здароўя быў дэмабілізаваны. Вярнуўшыся ў Парыж, ажаніўся з Р. Бунімовіч – эмігранткай з Расіі. Вайна працягвалася, пакупнікоў мастацкіх твораў не было, і сям’я Кікоіных жыла на выпадковыя заробкі. Толькі ў 1919 г. сітуацыя пачала паступова змяняцца да лепшага: М. Кікоіну ўдалося прадаць некалькі сваіх твораў і арганізаваць першую персанальную выстаўку ў галерэі «Шэрон». У 1920 г. яго прызначылі сакратаром прэстыжнага Асенняга салона. У 1924 г. М. Кікоін атрымаў французскае грамадзянства. З гэтага часу пачаў з поспехам выстаўляцца ў амерыканскіх і французскіх галерэях. У 1926 г. купіў вясковы дом у Бургундыі, куды ездзіў працаваць на працягу многіх гадоў. У 1927 г. сям’я перасялілася з «Вулея», дзе М. Кікоін пражыў 15 гадоў, у прасторную кватэру ў Манружы – прыгарадзе Парыжа. У 1928 г. тры яго карціны («Пейзаж», «Партрэт майго сына», «Мужчынская галава») былі прадстаўлены на выстаўцы сучаснага французскага мастацтва ў Маскве, пазней з групай рускіх мастакоў выстаўляўся ў парыжскіх галерэях «Д’Аліньян» і «Зак». На той час жывапісная манера М. Кікоіна канчаткова вызначылася. Ён працаваў у традыцыйных жанрах – партрэт, нацюрморт, пейзаж. Прыродны дар каларыста дазваляў праз накладанне яркіх фарбаў і ігру святлаценю дасягнуць мастацкай выразнасці, і гэта адлюстравана ў карцінах «Вялікія таполі» (1928), «Ваза з кветкамі» (1930–1935), «Дом, які называецца Шато» (1935) і інш. Палітра майстра вылучалася разнастайнасцю адценняў і найтанчэйшымі спалучэннямі розных колераў, што набліжала яго да імпрэсіяністаў ХІХ ст. Парыжскія вуліцы і дворыкі, чырвоныя чарапічныя дахі, вясковыя краявіды Бургундыі, горы Лазурнага берага на карцінах М. Кікоіна напоўнены энергетыкай, ігрой блакітных і ліловых тонаў у сонечным ззянні. Напярэдадні Другой сусветнай вайны ён стаў сапраўдным майстрам, прызнаным прадстаўніком Парыжскай школы, персанальныя выстаўкі якога адбываліся ў Еўропе і ЗША, а музеі розных краін свету набывалі палотны мастака для пастаянных экспазіцый.
У пачатку 1939 г. М. Кікоін быў прызваны ў армію. Служыў у рэзервовым палку ў Суасоне. Пасля дэмабілізацыі ў 1940 г. вярнуўся ў Парыж, дзе дэманстратыўна падкрэсліваў сваё яўрэйскае паходжанне і з гонарам насіў жоўтую зорку. Толькі сын змог угаварыць яго пакінуць акупіраваны горад і пераехаць у не занятую немцамі Тулузу. У 1945 г. сям’я вярнулася ў Парыж. Нягледзячы на тое, што іх дом быў абрабаваны (зніклі карціны на палатне і акварэлі), вясной у Тулузе адбылася персанальная выстаўка М. Кікоіна. У пасляваенны перыяд ён плённа працаваў і шмат вандраваў. Пабываў у Іспаніі, Італіі, тройчы наведаў Ізраіль. Вынікам паездак сталі шматлікія выстаўкі, а таксама альбом каляровых літаграфій «Дзеці Ізраіля» (выдадзены ў Парыжы ў 1953 г.). У 1964 г. М. Кікоін атрымаў першую прэмію Салона мастакоў за карціну «Каханне – крыніца жыцця». Адну з апошніх работ прысвяціў сябру Х. Суціну. 4 лістапада 1968 г. мастак памёр у парыжскай майстэрні ад інфаркту.
Палотны М. Кікоіна знаходзяцца ў многіх музеях і галерэях Францыі, Аўстраліі, Швейцарыі, Японіі, Ізраіля, ЗША, Расіі, Беларусі і іншых краін свету, а таксама ў прыватных калекцыях. У Парыжы існуе Фонд Кікоіна, асноўная задача якога – збор твораў мастакоў Парыжскай школы, выданне альбомаў, прысвечаных іх творчасці. Беларусы ўпершыню ўбачылі карціны М. Кікоіна на выстаўцы «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі», што адбылася ў 2012–2013 гг. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Яна садзейнічала паглыбленню ведаў па гісторыі мастацтва Беларусі, узбагачэнню айчыннай і агульнаеўрапейскай культуры, у падмурак якой на пачатку ХХ ст. унеслі значны ўклад нашы славутыя землякі, прадстаўнікі Парыжскай школы – М. Шагал, Х. Суцін, Я. Зак, Я. Балглей, П. Крэмень, Н. Хадасевіч-Лежэ, Р. Генін, Ш. Царфін (Зарфін), В. Любіч, В. Цадкін і М. Кікоін.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.