Сярод актыўных даследчыкаў прыроды Беларусі ХІХ – пачатку ХХ ст. асобае месца займае батанік-аматар Марыя Твардоўская (у дзявоцтве Скірмунт), якая стала адной з першых што пазнаёмілі шырокую грамадскасць з флорай цэнтральнага Палесся.
Нарадзілася яна ў сям’і Канстанціна і Габрыэлі Скірмунтаў, уладальнікаў маёнтка Шэметава ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні (зараз Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Тут прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады, пачалося захапленне раслінамі, іх гербарызацыяй і вызначэннем.
Пасля заканчэння ў Кракаве жаночых курсаў імя А. Баранецкага і курса лекцый па батаніцы прафесара Ягелонскага ўніверсітэта Э.Ф. Янчэўскага, М. Твардоўская занялася скрупулёзным вывучэннем флоры травяністых раслін ў ваколіцах роднага маёнтка. Кола яе пошукаў паступова пашыралася і з цягам часу ахапіла тэрыторыю ў межах сучасных Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці, азёраў Свір і Нарач. Пасля замужжа яшчэ адным пунктам фларыстычных даследаванняў, якому яна прысвяціла больш за два дзясяткі гадоў, стала Велясніца – родавы маёнтак мужа ў Пінскім павеце Мінскай губерні (зараз Пінскі раён Брэсцкай вобласці). Таксама ў 1896–1897 гг. М. Твардоўская праводзіла даследаванні сасудзістых раслін у Мазыры і Мазырскім павеце (зараз Гомельская вобласць).
Сваю першую працу – спіс раслін, знойдзеных у ваколіцах Шэметава, даследчыца апублікавала ў 1883 г. у польскім часопісе “Pamietnik Fizyjograficzny”. У далейшым у перыядычным друку працягвала публікаваць дапаўненні да яго, заметкі аб асобных цікавых відах раслін, пераклады навукова-папулярнай літаратуры па прыродазнаўстве і інш. М. Твардоўская супрацоўнічала з вядомымі вучонымі таго часу, з’яўлялася членам акадэмічных навуковых таварыстваў, была актыўным збіральнікам раслін. За два дзясяткі гадоў ёю былі сабраны вельмі рэдкія для Беларусі віды раслін (Каменяломнiк балотны, Ятрышнік дрэмлік, Венерын чаравічак сапраўдны і інш.), некаторыя з якіх у цяперашні час на Беларусі больш не сустракаюцца. Акрамя дзікарослых відаў даследчыца вывучала пустазельныя расліны, тыя, што культываваліся, а таксама заносныя віды раслін, якія знаходзіла ў населеных пунктах, паблізу дарог і чыгуначных станцый. Даследчыца цікавілася і іншымі групамі жывых арганізмаў. Так, яна апублікавала спіс з 45 слізевікоў, знойдзеных у Віленскай губерні (1885), стала аўтарам некалькіх нарысаў-назіранняў аб жыцці баброў.
Памерла М. Твардоўская 24 кастрычніка 1907 г. і была пахавана ў Пінску. Свой гербарый завяшчала Таварыству аматараў навук у г. Познань (Польшча), а шматлікія дублеты яе гербарных збораў захоўваюцца зараз у многіх еўрапейскіх краінах – Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Украіне, Расіі. У гонар М. Твардоўскай быў названы адзін з падвідаў шматгадовай травяністай расліны Ястрабінкі валасістай.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.