Дата начала: студзень 1992 Мінск, г.
Краткая справка: часопіс, навукова-метадычнае выданне
Асноўная тэматыка публікацый, якія змяшчае “Пачатковая школа”, – праблемы навучання і выхавання малодшых школьнікаў. На старонках часопіса рэгулярна друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя пытанням кантролю і ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці дзяцей, праблемным момантам у выкладанні таго ці іншага прадмета, арганізацыі пазакласных заняткаў з вучнямі. Адрасаваны ён настаўнікам пачатковай школы і спрыяе павышэнню метадычнага ўзроўню педагогаў. Сярод аўтараў публікацый арганізатары сістэмы адукацыі, вядомыя навукоўцы, стваральнікі падручнікаў для пачатковай школы, вопытныя настаўнікі, пісьменнікі. Актыўна супрацоўнічаюць з часопісам навукоўцы Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і інш. На старонках “Пачатковай школы” рэгулярна публікуюцца інтэрв'ю з кіруючымі работнікамі Міністэрства адукацыі, выступаюць спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, урачы, псіхолагі.
Заснавальнікамі часопіса з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”, РУП «Выдавецтва “Пачатковая школа”». Выходзіць са студзеня 1992 г. у Мінску на беларускай і рускай мовах адзін раз у месяц. Выданне своечасова знаёміць педагогаў з новымі навучальнымі праграмамі і планамі, падручнікамі і іх аўтарамі, метадычнымі распрацоўкамі і аўтарскімі праграмамі. Такія рубрыкі, як “Навучанне. Выхаванне”, “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі”, “3 вопыту работы”, “Педагагічная майстэрня”, “Нестандартны ўрок”, “Ля вытокаў прафесіі”, “ Нататкі псіхолага” і іншыя дапамагаюць педагогам лепш арганізаваць навучальны працэс, раскрываюць творчыя магчымасці на ўроках. Багаты культуралагічны матэрыял прапануецца ў рубрыках “Спадчына”, “Імя ў гісторыі”, “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, “Літаратурныя партрэты”, “3 гісторыі адукацыі”. Вялікую ўвагу рэдакцыйная калегія надае грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення (рубрыкі “Краязнаўства”, “Выхоўваем юных патрыётаў” і інш.). Часопіс “Пачатковая школа” ўваходзіць у пералік выданняў, публікацыі якіх прызнаюцца Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй. Дысертацыйныя даследаванні і навуковыя артыкулы размяшчаюцца ў рубрыцы “Навуковы партал”.
Рэдакцыя выдання падтрымлівае цесныя сувязі з педагагічнымі калектывамі розных школ Беларусі. Час ад часу нумар прысвячаецца канкрэтнаму рэгіёну краіны. Ужо прадстаўлены Мінская, Гомельская, Брэсцкая, Магілёўская вобласці. Многія творчыя настаўнікі сталі вядомыя педагагічнай грамадскасці пасля публікацый свайго перадавога вопыту на старонках часопіса.
“Пачатковая школа” пастаянна ўдасканальваецца. У снежні 2007 г. павялічыўся аб'ём выдання за кошт дадатковай каляровай укладкі, на якой змяшчаецца цікавы і карысны матэрыял: рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў, алгарытмы для ўрокаў і інш. У сакавіку 2008 г. упершыню выйшаў мультымедыйны дыск да часопіса. З другога паўгоддзя 2008 г. у падпісным каталогу быў адкрыты дадатковы індэкс на падпіску “Пачатковай школы” з электронным носьбітам. На дысках размяшчаюцца разнастайныя тэкставыя, фота-, відэа- і аўдыяматэрыялы, якія дапамагаюць настаўнікам пачатковых класаў арганізаваць і правесці цікавыя ўрокі, ранішнікі, тэматычныя конкурсы, займальныя факультатыўныя заняткі, завочныя экскурсіі і іншыя пазакласныя і пазашкольныя мерапрыемствы. Карыснымі ў працы настаўніка з'яўляюцца відэаўрокі па навучанні грамаце, матэматыцы, музыцы і выяўленчым мастацтве, кансультацыі псіхолага.
На базе рэдакцыі навукова-метадычнага часопіса “Пачатковая школа” ў 2001 г. для забеспячэння настаўнікаў пачатковых класаў, метадыстаў, студэнтаў педагагічных навучальных устаноў, навуковых работнікаў якаснай вучэбна-метадычнай літаратурай, якая адказвае сучасным патрабаванням агульнаадукацыйнай школы Рэспублікі Беларусь, было створана дзяржаўнае прадпрыемства «Выдавецтва “Пачатковая школа”». Рэдакцыйная калегія часопіса ўваходзіць у структуру навукова-метадычнага савета выдавецтва, які функцыянуе са студзеня 2003 г.
“Пачатковая школа” забяспечвае пастаянную сувязь навукоўцаў, арганізатараў навучальнага працэсу з настаўнікамі-практыкамі, з'яўляецца крыніцай актуальнай інфармацыі для ўсіх, хто працуе ў сферы пачатковай адукацыі. Ён знаёміць чытачоў з усім лепшым і перадавым, што напрацавана ў пачатковых школах Беларусі: творчымі майстэрнямі, цікавымі праектамі пазашкольнай дзейнасці. З'яўляецца не толькі крыніцай актуальнай інфармацыі для настаўнікаў пачатковых класаў, але і багатым практычным дапаможнікам. Тыраж часопіса дастаткова высокі – 8320 экзэмпляраў (№ 11, 2011 г.). Распаўсюджваецца ў асноўным па індывідуальнай падпісцы, што сведчыць аб яго ўстойлівым аўтарытэце сярод настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ і каледжаў, метадыстаў і студэнтаў. Сувязь з чытачамі ажыццяўляецца праз анкетаванне па актуальных пытаннях.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.