Буйное сучаснае мнагапрофільнае прадпрыемства пачало сваю гісторыю ў далёкім 1912 г. з невялікага лесапільнага завода. Неабсяжныя лясныя масівы, наяўнасць чыгункі і ракі Бярэзіны як зручнага шляху для сплаву лесу, – усё гэта стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця тут лесапільнай вытворчасці.
У 1911 г. будаўнічае аддзяленне Мінскага губернскага праўлення выдала фабрыканту Давіду Саламонавічу Берману дазвол на наладжванне ў пасадзе Нова-Барысаў Барысаўскага павета паравога лесапільнага завода. З цэглы тут былі пабудаваны кацельня на 2 паравых катла і лесапільны цэх. Завод быў запушчаны ў эксплуатацыю 1 сакавіка 1912 г. Працавала на ім у той час усяго 25 чалавек. Ужо праз год колькасць працоўных даходзіла да 90, а само прадпрыемства значна павялічылася – Д. С. Берман атрымаў дазвол на капітальную перабудову і далейшае пашырэнне сваёй вытворчасці. Былі пабудаваны стружкавы, бандарны, гузікавы і фанерныя цэхі, паравая сушыльня. Прадпрыемства ў асноўным арыентавалася на экспарт піламатэрыялаў.
У час германскай і польскай акупацыі завод прастойваў. З 1921 г. быў уключаны ў аб’яднанне “Лесбел”. Пасля зліцця некалькіх вытворчасцей і мадэрнізацыі абсталявання ў 1926 г. прадпрыемства атрымала назву “Камінтэрн”. У перадваенны час камбінат працягваў развівацца: быў узведзены новы корпус лесапільнага цэха (1928), па тэрыторыі камбіната пракладзена чыгуначная ветка (1929), асвоены выпуск гнутай (1930) і гарнітурнай (1935) мэблі.
Вялікая Айчынная вайна спыніла працу і далейшае развіццё камбіната. У час акупацыі прадпрыемства было амаль зруйнавана. Адразу ж пасля вызвалення горада ад нямецкіх захопнікаў пачалося і аднаўленне завода. У 1945 г. быў запушчаны лесапільны цэх, які да канца года вырабіў ужо больш за 12000 м3 піламатэрыялаў. Паступова ўзводзіліся новыя цэхі (раскройны, тарны, транспартны, стружкавы, мэблевы), пачалі працаваць сушыльныя камеры, наладжваліся новыя вытворчасці (паркетная, мяккай і корпуснай мэблі).
У 1970-я гг. камбінат увайшоў у склад Барысаўскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання “Барысаўдрэў” на правах філіяла. У гэты ж перыяд было ўведзена ў эксплуатацыю новае апрацоўчае аддзяленне з двума патокамі лаканаліўных машын. Асартымент выпускаемай мэблі значна павялічыўся, а прадукцыя камбіната пачала экспартавацца за мяжу. У 1980-я гг. ішло далейшае пашырэнне асартымента прадукцыі, быў пракладзены газаправод і газіфікавана кацельня.
У 1990-я гг. асноўным профілем прадпрыемства з’яўлялася вытворчасць корпуснай і мяккай мэблі. У 1996 г. камбінат быў рэарганізаваны ў адкрытае акцыянернае таварыства з сучаснай назвай. Паступова праводзілася рэканструкцыя вытворчасці: абноўлена абсталяванне, наладжаны выпуск новай прадукцыі – паліўных драўняных гранул пелетаў, уведзена ў эксплуатацыю высокаэфектыўная кацельня на драўняных адходах і створаны замкнуты цыкл перапрацоўкі сыравіны са 100% выкарыстаннем адходаў (2004), пачала функцыянаваць цэнтральная завадская лабараторыя (2005), арганізавана новая вытворчасць – “Домабудаванне” (2006).
Зараз прадпрыемства з’яўляецца адным з лідараў у галіне комплекснай перапраўоўкі драўніны ў Беларусі. У складзе акцыянернага таварыства працуюць завод МДФ, лесапільна-дрэваапрацоўчая вытворчасць, фабрыка мэблі, цэхі і службы забеспячэння. Колькасць працоўных складае каля 900 чалавек. Практычна ўся вытворчасць прадпрыемства арыентавана на экспарт: прадукцыя экспартуецца ў больш за 30 краін свету (Расія, Украіна, Малдова, Эстонія, Фінляндыя, Германія, Чэхія, Іспанія і інш.). Асартымент прадукцыі прадпрыемства перавышае тры дзесяткі найменняў: вагонка, абшыўка, дошка для падлогі, плінтус, налічнік, пліты МДФ, клеены брус і інш.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў, прадастаўленых ААТ “Барысаўскі ДОК” у 2011 г.