Беларускі кінарэжысёр Валерый Фёдаравіч Жыгалка – аўтар больш за паўсотні фільмаў, сярод якіх карціны пра прыроду Беларусі, яе гарады і рэкі, фальклор, культуру і гісторыю, пра людзей, якія тут жывуць і працуюць.
Нарадзіўся будучы рэжысёр 22 кастрычніка 1940 г. у Мінску. У 1971 г. скончыў тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Працаваў у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» асістэнтам рэжысёра, кінарэжысёрам, а з 1990 г. – мастацкім кіраўніком аб’яднання. З 2000 г. з’яўляецца дырэктарам музея «Белтэлерадыёкампаніі».
З імем рэжысёра звязана тэма ваеннага і пасляваеннага пакаленняў. Яго стужкі пра падлеткаў вайны ў многім аўтабіяграфічныя і асабістыя. Сустракаюцца і лірычныя фільмы-споведзі: «Мальчишки-мальчишки» (1977), «Дети Брестской крепости (1978), «Им не было и 16» (1978), «Отзовись моё детство» (1980), «После Победы» (1994), «Дорогие мои минчуки» (1995), «Сеанс мой вечерний» (1997), «Последний из группы «Джек» (2000).
Блізкая В. Жыгалку і тэма роднай прыроды, якая знайшла адлюстраванне ў яго працах «Жили-были люди» (1991), «И полюби ближнего своего» (1998), «Запретная зона» (1999), «Весна 1999 года», «Неман» (2000) і інш. Многія з прац рэжысёра сталі прызёрамі на шматлікіх фестывалях кінамастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.