Тадэвуш Ігнацьевіч Кандрусевіч нарадзіўся ў в. Адэльск Гродзенскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1962 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, але скончыць вучобу не давялося. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Гродне, у 1964 г. паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які скончыў у 1970 г. і атрымаў дыплом інжынера-механіка. Працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў – спачатку ў зборачным цэху, потым у канструктарскім бюро. У складзе групы інжынераў атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходніцтва “Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода”.
У 1976 г. Т. Кандрусевіч паступіў у Духоўную семінарыю ў Каўнасе (Літва), якую скончыў у 1981 г. і 31 мая таго ж года прыняў прэсвітарскае пасвячэнне з рук біскупа Л. Павілоніса. У 1981–1986 гг. быў вікарыем у вільнюскім касцёле Святой Тэрэзы пры Вострай Браме, у 1986–1987 гг. вікарыем парафіі Маці Божай Шкаплернай у Друскінінкаі (Літва), у 1987–1988 гг. вікарыем у вільнюскім касцёле Святога Духа. 13 лютага 1988 г. прызначаны пробашчам гродзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай (былы францысканскі касцёл) і Святога Францішка Ксаверыя (катэдра). У 1985 г. на тэалагічным факультэце ў Каўнасе атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, абараніўшы працу на тэму “Вучэнне Дагматычнай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору Lumen Gentium пра Касцёл”. У 1988 г. абараніў дысертацыю на тэму “Паглыбленне вучэння пра Касцёл у працах Другога Ватыканскага Сабору і ў яго дакументах” і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі. 25 ліпеня 1989 г. быў прызначаны тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскае пасвячэнне, што адбылося 20 кастрычніка 1989 г. у базіліцы Святога Пятра ў Рыме, узначаліў Папа Рымскі Ян Павел ІІ. Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі Т. Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней закрытых касцёлаў, а таксама прыняў удзел у выданні “Парадку Імшы” і “Катэхізіса” на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, якую працягнуў яго наступнік кардынал К. Свёнтэк. 13 красавіка 1991 г. Т. Кандрусевіч прызначаны арцыбіскупам, Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі. За час яго біскупскага служэння ў Расіі ў Міністэрстве юстыцыі Расійскай Федэрацыі была афіцыйна зарэгістравана Апостальская Адміністратура для католікаў лацінскага абраду, што дало ёй юрыдычныя правы; праведзена юрыдычная рэгістрацыя вялікай колькасці адноўленых парафій і іншых касцёльных структур. У 1999 г. прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду поўначы еўрапейскай часткі Расіі, выбраны Старшынёй навастворанай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расійскай Федэрацыі, стаў сапраўдным членам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
З 2002 г. Т. Кандрусевіч – Мітрапаліт катэдры Маці Божай у Маскве. Дзякуючы яго намаганням у Расіі пачала працу дабрачынная арганізацыя “Caritas”, былі створаны інфармацыйна-выдавецкі цэнтр “Истина и жизнь”, салезіянскі і францысканскі выдавецкія цэнтры, а таксама Духоўная бібліятэка (выпушчана больш за 600 найменняў тэалагічнай, рэлігійнай, філасофскай і літургічнай літаратуры). Пры ўдзеле арцыбіскупа заснаваны штотыднёвая каталіцкая газета “Свет Евангелия”, Літургічная камісія, якая рыхтуе пераклады літургічных тэкстаў на рускую мову, Катэхетычная камісія і Камісія па справах сям’і.
21 верасня 2007 г. Папа Рымскі Бенядзікт XVI вызваліў Т. Кандрусевіча ад пастырскага кіраўніцтва катэдрай Маці Божай у Маскве і прызначыў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, а 30 чэрвеня 2011 г. Апостальскім Адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі. 3 чэрвеня 2015 г. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абрала арцыбіскупа сваім старшынёй. Таксама Т. Кандрусевіч уваходзіць у спецыяльны савет па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў, Кангрэгацыю па справах духавенства, Папскую раду справядлівасці і спакою. З’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).
Інфармацыю пра Т. Кандрусевіча гл. таксама на сайце: www.http://catholic.by.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.