Сусветна вядомы публiцыст, аўтар незвычайных і цiкавых рэпартажаў з розных куточкаў Зямлi, вядомы пiсьменнiк i паэт Рышард Капусцiнскi стварыў свой унікальны тып літаратуры, не падуладны законам якога-небудзь аднаго жанру. Для яго было вельмі важным зразумець іншыя народы і культуры, знайсці ключы да ўзаемаразумення, данесці да людзей у цэнтры свету праблемы тых, хто жыве на акраінах. Ён быў мысліцелем і эрудытам, аднак пісаў з пазіцыі звычайнага простага чалавека з багатым жыццёвым вопытам, адоранага прыроджанай мудрасцю.
Нарадзiўся Р. Капусцінскі 4 сакавiка 1932 г. у Пiнску ў сям’і настаўнiкаў пачатковай школы. У 1940 г. сям’я перабралася ў Польшчу. Пасля заканчэння школы паступіў на факультэт польскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, потым перавёўся на гістарычны. У гэтыя ж часы малады чалавек быў шматабяцаючым спартсменам, віцэ-чэмпіёнам Варшавы па боксе сярод юніёраў, а таксама пісаў вершы. Упершыню яго творы былі надрукаваны ў штотыднёвіку “Дзісь і ютро”, калі яму было 17 гадоў. Дзякуючы паэтычным публікацыям на Рышарда звярнулі ўвагу ў галоўнай польскай маладзёжнай газеце “Штандар млодых”, дзе ён спачатку працаваў кур’ерам, а потым і сам стаў пісаць рэпарцёрскія заметкі. У 1955 г. за свой рэпартаж з Малой Гуты малады журналіст атрымаў першую літаратурную ўзнагароду – Залаты крыж ордэна Заслугі. Ва ўзросце 24 гадоў Р. Капусцінскі быў накіраваны ў першую замежную камандзіроўку ў Індыю. У далейшым для сваіх прафесійных вандровак журналіст выбiраў пераважна дзяржавы “трэцяга свету”. Яго артыкулы з Конга, Анголы, Эфiёпii i iншых краiн прынеслi яму заслужанае званне “кароль рэпартажу”.
З канца 1950-х гг. Р. Капусцінскі перайшоў на працу ў Польскае агенцтва друку, пазней яго запрасілі ў самы папулярны польскі штотыднёвік “Палітыка”, а з 1974 г. – у варшаўскі штотыднёвік “Культура”. Ён быў карэспандэнтам ў сярэднеазіяцкіх і закаўказскіх рэспубліках СССР, у Афрыцы, некалькі гадоў пражыў у Лацінскай Амерыцы. Вынікам гэтага перыяду журналісцкай працы сталі кнігі: “Чорныя зоркі” (1963), “Калі б уся Афрыка” (1968), “Кіргіз сыходзіць з каня” (1968), “Хрыстос з вінтоўкай на плячы” (1975), “Яшчэ адзiн дзень жыцця” (1976) і інш. Неаднойчы падчас вандровак жыццё яго вісела на валаску, тым не менш, ён прынцыпова ніколі не трымаў пры сабе зброі. Наступныя кнігі “Імператар” (1978) і “Шахiншах” (1982) прынеслі Р. Капусцінскаму міжнародную вядомасць і шырокае прызнанне.
Праводзячы шмат часу за мяжой, Р. Капусцiнскi не заставаўся ў баку ад падзей, якія адбывалiся ў Польшчы. Так, ён быў сярод бастуючых рабочых Гданьскай суднаверфi ў жнiўнi 1980 г., калі ўпершыню голасна заявiла аб сабе “Салiдарнасць”. Яго рэпартажы, што вiталі нараджэнне новай Польшчы, друкаваліся ў штотыднёвiку “Культура”. У 1989–1991 гг. Р. Капусцiнскi здзейснiў журналiсцкае падарожжа даўжынёю больш за 60 тыс. км па СССР. Вынiкам стала з’яўленне кнiгi “Iмперыя” (1993), якая мела ашаламляльны поспех на Захадзе і зрабіла свайго аўтара самым перакладаемым польскім пісьменнікам. Ён быў прызнаны лепшым польскiм журналiстам ХХ стагоддзя, узнагароджаны прэміяй Прынца Аўстрыйскага “За творчасць, якая садзейнічае збліжэнню розных народаў і культур” і двойчы намiнаваўся на суiсканне Нобелеўскай прэмii. Менавіта за свае гуманістычныя погляды, за здольнасць адкрыта, нягледзячы на неспрыяльныя для працы журналіста ўмовы розных рэжымаў, выказваць свае думкі Р. Капусцінскі заслужыў павагу і аўтарытэт у прагрэсіўных колах чалавецтва.
Апрача журналiсцкiх рэпартажаў i кнiг-хронiк Р. Капусцiнскi паспяхова асвоiў i iншыя мастацкiя жанры. Так, у Польшчы былі выдадзены два яго паэтычныя зборнiкi “Запісная кніжка” (2005) і “Закон прыроды” (2006), па яго сцэнарыях ставіліся п’есы ў тэатрах Польшчы, Канады, Нарвегii, Галандыi i iншых краiн. Зарэкамендаваў ён сябе i як адмысловы фатограф: фотавыставы яго работ былі арганізаваны ў Польшчы, Венгрыi, Балгарыi. Сваiм багатым вопытам i ведамi па гiсторыi i культуры краiн Афрыкi, Акеанii i Амерыкi Р. Капусцiнскi ахвотна дзялiўся са студэнтамi ўнiверсiтэтаў па ўсім свеце.
У чэрвенi 1997 г. Р. Капусцiнскi наведаў сваю малую радзiму – горад Пiнск. Прайшоў па знаёмых вулiцах, зайшоў у свой былы дом. Вынікам падарожжа стаў рэпартаж, якi на беларускай мове быў апублiкаваны ў 2008 г. у часопiсе “Дзеяслоў”.
“Вялікага паляка з Пінска”, летапісца нараджэння “трэцяга свету”, станаўлення незалежных дзяржаў у Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы (дзе ён па яго асабістым выразе “заўсёды шукаў сваё Палессе”), уладальніка самых вядомых літаратурных прэмій, аўтара трох дзясяткаў кніг, тысячы газетных публікацый і сотні інтэрв’ю не стала ў 2007 г. У вераснi гэтага ж года ў Пiнску на доме, дзе жыў выдатны пiнчук, у яго гонар была ўсталявана мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага ў 2012 г.