Дата рождения:
06.08.1946 Цепянец, в., Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
16.06.2016
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, даследчыца творчасці В. Быкава, Б. Сачанкі, І. Чыгрынава і інш., лаўрэат прэміі прэзідэнтаў акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы (2004)
Имена на других языках:
Локун Валентина Ивановна (русский);
4080 символов
Справка
Галоўным кірункам дзейнасці Валянціны Іванаўны Локун з’яўлялася кампаратывістыка ці параўнальнае літаратуразнаўства. Яе грунтоўныя навуковыя працы, артыкулы і выступленні адлюстроўваюць узаемасувязі беларускай літаратуры з рускай, украінскай, польскай, нямецкай, англійскай, французскай і інш.
Нарадзілася В. Локун у в. Цепянец Пінскага раёна Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў сялянскай сям’і. У 1966 г. скончыла Пінскую завочную школу і паступіла на філалагічны факультэт (рускае аддзяленне) Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. Працавала загадчыцай Цепянецкай бібліятэкі (1972–1974). Завочна вучылася ў аспірантуры пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І. Леніна. У 1984 г. В. Локун абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Стилевое своеобразие современной белорусской военной прозы (на материале творчества В. Быкова, Б. Саченко, И. Чигринова, 60–70 годы)». У 1985–1998 гг. выкладала ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А.С. Пушкіна. У 1987–2007 гг. была навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адначасова да 1998 г. працавала ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага.
Першыя публікацыі В. Локун з’явіліся ў 1973 г. у пінскай раённай газеце «Полесская правда». З канца 1970-х гг. яна пачала выступаць з рэцэнзіямі і артыкуламі ў рэспубліканскіх часопісах «Нёман», «Полымя», «Роднае слова», газеце «Літаратура і мастацтва» і інш. У іх асвятляліся праблемы развіцця беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай. Таленавітая і ўдумлівая даследчыца В. Локун паспела шмат зрабіць у літаратурнай крытыцы і беларускім літаратуразнаўстве. У 1995 г. выйшла яе манаграфія «Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы: 1950–1960-я гг.», у якой разглядаюцца творы Я. Брыля, В. Быкава, А. Адамовіча, І. Навуменкі, І. Шамякіна ў суаднясенні з развіццём эстэтычнай думкі рускай літаратуры (Ю. Бондараў, Р. Бакланаў, К. Сіманаў, В. Кандрацьеў, Б. Васільеў і інш.). У кнізе падкрэсліваецца філасофская шматаспектнасць гістарычнай прозы У. Караткевіча. У наступнай манаграфіі «Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры» (2005) аўтар даследуе творчасць беларускага пісьменніка ў параўнанні і супастаўленні з літаратурай «страчанага пакалення», прадстаўнікамі якога былі Э.М. Рэмарк, Э. Хемінгуэй, Р. Олдынгтан, У. Фолкнер і інш. Яна выяўляе таксама тыпалагічныя сувязі твораў В. Быкава з экзістэнцыяльнай літаратурай (Ф. Дастаеўскі, А. Камю, Ж.П. Сартр і інш.). Літаратурна-крытычныя артыкулы В. Локун увайшлі ў зборнікі «Да новых вышынь» (1991) і «Кругі жыцця, кругі літаратуры» (2002). У іх разглядаюцца ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці многіх беларускіх і рускіх пісьменнікаў (І. Чыгрынава, В. Казько, В. Карамазава, А. Асіпенкі, У. Дамашэвіча, Ю. Бондарава, В. Астаф’ева, В. Бялова і інш.), закранаюцца актуальныя праблемы развіцця нацыянальнай прозы (на матэрыяле творчасці І. Мележа), аналізуюцца асобныя творы А. Жука, А. Масарэнкі, В. Коўтун і інш. Валянціна Локун прымала таксама ўдзел у стварэнні кніг «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» (у 4-х тамах, 1999–2002; напісала чатыры раздзелы (т. 3, 4)), «Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей» (2002, у 2003 г. выдадзена на ўкраінскай мове ў Кіеве), «Беларуская літаратура ў кантэксце славянскіх літаратур ХІХ–ХХ стст.» (2006).
У 1998 г. В. Локун была прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, у 2006 г. стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яна двойчы лаўрэат прэміі часопіса «Полымя»: у 1993 г. за артыкул «У пошуках маральнага ідэалу. Проза Уладзіміра Караткевіча» (змешчаны ў № 6) і ў 2001 г. за артыкул «Узняцца да лёсу агульначалавечага» (надрукаваны ў № 5). У 2004 г. была ўдастоена прэміі прэзідэнтаў акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы за працу «Культурно-исторические белорусско-украинские связи: литературно-языковый аспект». За актыўны ўдзел у рабоце Міжнароднага фонду Святой Еўфрасінні Полацкай В. Локун узнагароджана ў 2006 г. медалём Святой Еўфрасінні Полацкай. У 2012 г. яна стала лаўрэатам прэміі Беларускага саюза жанчын.