Беларускі публіцыст-дакументаліст і празаік Мiкалай Васiльевiч Панасюк нарадзіўся 9 сакавiка 1947 г. на хутары непадалёк ад в. Галоўчыцы Драгічынскага раёна ў сялянскай сям’і. У тыя часы надзвычай прыгожая і яшчэ некранутая чалавекам прырода Берасцейшчыны аказала на фарміраванне светапогляду будучага пісьменніка вельмі моцны ўплыў. Спачатку свае захапленні роднымі краявідамі Мікола спрабаваў выказаць мовай малюнка. Потым, ужо ў школьныя гады, пачаў пісаць вершы, многія з якіх надрукаваў у газетах “Чырвоная змена”, “Сельская газета”, часопісе “Маладосць”.
Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў у брэсцкай абласной газеце “Заря”, у раённых газетах “Запаветы Леніна” і “Чырвоная звязда”, дзе заснаваў літаратурнае аб’яднанне “Ясельда”. Потым служыў у арміі, завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Шэраг артыкулаў, надрукаваных у рэспубліканскай прэсе, быў высока ацэнены чытачамі. Гэта і прадвызначыла далейшы лёс пачынаючага журналіста: сваё прызванне ён знайшоў менавіта ў дакументальнай прозе.
У 1969 г. М. Панасюк быў запрошаны ўласным карэспандэнтам па Брэсцкай вобласці рэспубліканскай газеты “Звязда”. 3 гэтага часу пачаўся плённы перыяд у яго творчасці. У 1975 г. ён выдаў адразу дзве кнігі: зборнік дакументальных апавяданняў пра піянераў-падпольшчыкаў Заходняй Беларусі “Мужнелі ў барацьбе” і аповесць пра лётчыка-касманаўта СССР П. Клімука “Арыенцір – сузор’е Арыён”. Пазней з’явіліся і іншыя дакументальныя кнігі: “К созвездиям” (1977), “Полесская целина” (1982), “Світальныя зоркі” (1987), “Зоркі над Бугам” (1990). Свае нарысы пісьменнік друкаваў таксама і ў калектыўных зборніках “Беларускі савецкі нарыс” (1980), “Шчодрае даўгалецце” (1980), “Крона вечного дерева” (1987), “Первая заповедь” (1989).
У 1984–1987 гг. М. Панасюк працаваў на тэлебачанні старшым рэдактарам абласной студыі, са студзеня 1987 г. – у часопісе “Коммунист Белоруссии”. У гэты перыяд ужо сталы аўтар многіх дакументальных твораў змясціў у друку шэраг матэрыялаў пра людзей удмурцкай нацыянальнасці, якія воляй лёсу апынуліся ў Беларусі. У калектыўным зборніку “Вчера, сегодня, завтра Советской Удмуртии” (1990) пісьменнік надрукаваў дакументальную аповесць “Двое у родничка”.
З кастрычніка 1991 г. М. Панасюк працаваў уласным карэспандэнтам па Брэсцкай вобласці штомесячнага навукова-тэарэтычнага і грамадска-публіцыстычнага часопіса Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларуская думка”, адначасова быў аглядальнікам у брэсцкай абласной газеце “Народная трыбуна”. Надзёныя інтэрв’ю, якія з года ў год не зыходзілі са старонак “Народнай трыбуны”, пазней аформіліся ў асобную кнігу “Дыялог на мяжы стагоддзяў”, якая прынесла аўтару прэмію “Берасцейская зорка-2000” у намінацыі “Журналістыка”. Са студзеня 2003 г. М. Панасюк супрацоўнічаў у рэспубліканскай газеце “Белорусская нива”.
Шмат працуючы ў прозе, Мікола Панасюк на стыку двух стагоддзяў зноў вырашыў звярнуцца да паэзіі. Вершы, напісаныя ў гэты перыяд, друкаваліся на старонках “Народнай трыбуны”, “Белорусской лесной газеты”, “Белорусской нивы”. У іх паэт звярнуўся да найбольш хвалюючых тэм сучаснасці: экалагічных катастроф, запусценню ў вёсках, дэмаграфічным заняпадзе і інш. Разам з тым у яго творах шмат і жыццесвярджальных матываў. Амаль з кожнага паэтычнага твора можа атрымацца мілагучная песня – гімн роднаму краю, маленькай радзіме, сваім бацькам, да якіх аўтар адносіцца з незгасальнай любоўю:
Мая раённая сталіца –
Драгічын, ціхі гарадок …
Табе спяваць і весяліцца –
Дарог і радасці выток.
Вынікам паэтычнай працы Міколы Панасюка стала кніга паэзіі “Крык немаўляці”, якая вытрымала ўжо некалькі перавыданняў. У ёй аўтар удала спалучыў як вершаваныя, так і гісторыка-дакументальныя радкі, стварыўшы праўдзівы летапіс роднага краю.
Матэрыял падрыхтаваны Драгiчынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай у 2011 г.