Асноўнае месца ў творчасці вядомай журналісткі, паэтэсы і пісьменніцы з Берасцейшчыны займае паэзія. Вершы яе спавядальна-шчырыя, поўныя жаночай дабрыні і спагады, еднасці з роднай зямлёю, інтанацыйна выражаныя і самабытныя.
Нарадзілася Ніна Васільеўна 20 лютага 1952 г. у мнагадзетнай сям’і на хутары Паўлінава Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Рана засталася без бацькі, таму выхоўвалася ў Целяханскім дзіцячым доме. Скончыла Лышчанскую сярэднюю школу, працавала ў ёй піянерважатай. У 1970 г. паступіла на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута. Працавала на Брэсцкім тэлебачанні і радыё, настаўнічала на Камянеччыне. З 1974 г. працоўны шлях Н. Гарагляд звязаны з камянецкай раённай газетай “Навіны Камянеччыны”: была літсупрацоўнікам, загадчыцай аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем, намеснікам рэдактара, рэдактарам (2003–2008). У раздзеле “Літаратурная старонка” надрукавана шмат захапляючых сваёй незвычайнасцю і цікавасцю артыкулаў, у якіх закранаюцца сацыяльныя і штодзённыя праблемы, прысутнічаюць развагі аб літаратуры і мастацтве, народным календары, распавядаецца пра гарадскія святы і таленавітых людзей Камянеччыны. Адначасова з журналісцкай дзейнасцю Ніна Васільеўна кіравала літаб’яднаннем “Пушчанка”, дзе займалася літаратурнай крытыкай твораў маладых паэтаў Белавежскага краю.
Свае першыя вершы, вельмі лірычныя і рамантычныя, адметныя моцным пачуццём, непадробнасцю і прастатой выказвання, пачынаючая паэтэса надрукавала ў зборніку “Нашчадкі” (1979). Галоўнымі іх тэмамі былі каханне, шчырая любоў да Радзімы і маці. Пазней яе творы з’явіліся ў калектыўным зборніку “Паэзія Берасцейшчыны. Дзядзінец”, на старонках альманаха “Дзень паэзіі”, у перыядычным друку. У 1995 г. самыя адметныя з ранейшых і нешматлікіх новых вершаў выйшлі ў самастойным зборніку паэтэсы “Матчына песня”.
Паступова ў творчасці Н. Гарагляд адбыўся пераход да прозы, які пачаўся з маленькіх замалёвак, больш падобных на вершы ў прозе. Першыя яе апавяданні і абразкі былі апублікаваны ў часопісах “Маладосць” і “Беларусь”. Потым друкаваліся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Рэспубліка”, “Заря”, “Чырвоная змена” і інш. Кожны дотык да невычарпальнага свету творчасці Н. Гарагляд дае ўважліваму чытачу штосьці патаемнае, што здольна ўзбагаціць унутранае духоўнае жыццё, зрабіць яго больш прыгожым і радасным.
Матэрыял падрыхтаваны Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У.М. Ігнатоўскага ў 2011 г.