Валянціна Мінская (свецкае імя Сулкоўская Валянціна Фёдараўна)
Дата рождения:
07.04.1888 Станькава, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
06.02.1966
Краткая справка:
святая блажэнная Беларускай Праваслаўнай Царквы
Духовные имена:
Валентина Минская; Валянціна Мінская
Варианты имени:
Чарняўская Валянціна Фёдараўна
Имена на других языках:
Сулковская Валентина Фёдоровна (русский); Чернявская Валентина Фёдоровна (русский);
4019 символов
Справка
Імя Валянціны Мінскай, святой Беларускай Праваслаўнай Царквы, вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пры жыцці яна шмат дапамагала людзям добрай парадай і сваім дарам лячэння. Ужо больш за 50 гадоў пасля яе смерці не спыняецца людскі паток да месца яе пахавання. Сама блажэнная пры жыцці гаварыла: «Прыходзьце да мяне на магілу як да жывой. Усім добрым людзям дапамагу…».
Валянціна Фёдараўна (у дзявоцтве Чарняўская, па мужу Сулкоўская) нарадзілася ў в. Коскі Мінскага павета (зараз Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) у сям’і святара. Бацька яе, Ф. Чарняўскі, служыў настаяцелем Свята-Мікалаеўскай прыходскай царквы ў в. Станькава гэтага ж павета. Валянціна атрымала хрысціянскае выхаванне, у далейшым скончыла Мінскае жаночае духоўнае вучылішча і рыхтавалася займацца педагагічна-асветніцкай дзейнасцю. Часам яна замяняла бацьку і вяла ўрокі Закона Божага для дзяцей у Станькаўскім народным вучылішчы. У 1912 г. выйшла замуж за Ф.В. Сулкоўскага, калежскага саветніка Мінскага павятовага праўлення. У 1914 г. жыла з мужам у Польшчы па месцы яго службы. У 1917 г. Валянціна Фёдараўна скончыла ў Мінску трохмесячныя курсы машынапісу. Некаторы час жыла ў Оршы. Пасля смерці бацькі ў 1919 г. вярнулася з мужам у вёску, займалася сельскай гаспадаркай, даглядала старую маці. Арганізацыя калгаса ў Косках прывяла да яшчэ большага пагаршэння матэрыяльнага становішча насельніцтва, пачаліся арышты і раскулачванні. У 1931 г. па лжывым абвінавачванні быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў муж Валянціны, пацярпелі ад рэпрэсій і іншыя блізкія людзі. Пасля смерці маці ў 1937 г. жанчына засталася адна. Стан здароўя да гэтага моманту значна пагоршыўся і яна аказалася прыкаванай да ложка. Больш за 30 гадоў сваякі і проста добрыя людзі даглядалі яе і дапамагалі хто чым мог.
Чалавек складанага лёсу, Валянціна Фёдараўна, апынуўшыся ў бездапаможным стане, не згубіла веры, імкнення жыць і дапамагаць іншым. Спачатку да святой, як называлі яе аднавяскоўцы, звярталіся мясцовыя жыхары, потым пачалі прыязджаць з ваколіц і здалёк. З незвычайнай дабратой і спачуваннем яна давала людзям парады, даравала надзею, падказвала выйсце ў розных жыццёвых абставінах. Яна валодала асаблівым дарам прадбачыць і духоўна настаўляць людзей, а таксама лячыць іх хваробы. Да Валянціны неслі хворых дзяцей, прасілі памаліцца, прыходзілі за жыццёвымі і духоўнымі парадамі. У час Вялікай Айчыннай вайны ў яе доме збіраліся веруючыя, маліліся, спявалі акафісты, духоўныя песні. Жанчыны звярталіся да матушкі, каб даведацца, ці вернуцца іх блізкія з фронту. Калі прыходзіў незнаёмы чалавек, ёй не патрэбна было распытваць, што яго сюды прывяло. Яна адразу ўсё ведала пра яго жыццё, настрой, думкі і давала адказ і параду. Звычайна карысталася іншасказаннямі, але чалавек, якога гэта датычылася, заўсёды разумеў, аб чым ідзе гаворка. Валянціна Фёдараўна ніколі не ляжала без справы – шмат малілася, перапісвала духоўныя тэксты, акафісты і вершы, рыхтавала асаблівы напой – канон, якім частавала ўсіх, хто да яе прыходзіў, займалася рукадзеллем. Кветкі са зжатай паперы і шнуркі для нацельных крыжоў, зробленыя яе рукамі, зберагаліся веруючымі як цудоўныя абярэгі.
Пасля смерці Валянціны Фёдараўны магіла яе на вясковых могілках стала месцам паломніцтва. Кожную нядзелю там праводзіліся малебны, аб ёй успаміналі з любоўю і ўдзячнасцю за яе бескарыслівае служэнне. Тыя, хто шчыра маліўся на яе магіле, расказвалі пра розныя цуды – праходзілі цяжкія хваробы, вырашаліся складаныя жыццёвыя сітуацыі. Матушка Валянціна працягвала дапамагаць усім, каму было патрэбна яе заступніцтва. Засведчаныя цуды, а таксама богаўгодная дзейнасць Валянціны Сулкоўскай сталі падставай для рашэння Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы аб яе кананізацыі пад імем святой Валянціны Мінскай. Яна стала першай у гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы жанчынай, далучанай да ліку святых у чыне блажэннай. Памяць аб ёй ушаноўваецца 6 лютага і ў дзень Сабора Беларускіх святых.