Мікалай Дзмітрыевіч Антаноўскі нарадзіўся на Палессі. У 1969 г. скончыў сярэднюю школу ў роднай вёсцы Сташаны Пінскага раёна, у 1978 г. – факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1978–1982 гг. працаваў літсупрацоўнікам рэдакцый Браслаўскай і Ганцавіцкай раённых газет. З красавіка 1982 г. працуе ў рэдакцыі Пружанскай раённай газеты “Раённыя будні”, з 1984 г. – галоўны рэдактар гэтага выдання. У 1991 г. Мікалай Антаноўскі скончыў Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ (зараз не існуе), у 1996 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Пісаць вершы пачаў яшчэ ў школьныя гады, яго першыя паэтычныя творы былі апублікаваны ў ганцавіцкай раённай газеце “Сялянская праўда” (зараз “Савецкае Палессе”). Паэтычныя творы Міколы Антаноўскага друкаваліся ў літаратурным альманаху “Дзень паэзіі”, часопісах “Маладосць”, “Полымя”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, рэспубліканскіх газетах. Ён аўтар зборнікаў вершаў “Святаяннік” (1993) і “Падсочаны бор” (1997), якія змясцілі ў сябе цэлы свет паэтычных пачуццяў, галоўныя з якіх – любоў да Радзімы і яе людзей, да прыроды і жыцця. Аўтар апявае родную палескую прыроду з усёй шчырасцю і цеплынёй.
Добры дзень табе, мой бор стазвонны,
Векавы і юны харашун!
Я прыходжу пад сівыя кроны,
Каб раскрыць перад табой душу.
Я прыходжу чысціні напіцца,
Навучыцца ў сосен дабраце…
Быццам лёгка-светлая ігліца,
Дабрата ў душы маёй расце.
“Мой бор”
Хораша вымалёўваюцца далягляды Палесся ў вершах “Бераг”, “Першы снег”, “Тры бярозы”, “Хварэю полымем калін…”, вянку санетаў “Пушча”.
Настальгія і слёзы ў сваяцтва
Маё сэрца ўзялі.
Не мана і зусім не дзівацтва –
Покліч роднай зямлі.
Край мой родны на фарбы някідкі,
Край святла і бяроз.
Па замове якой варажбіткі
Да цябе я прырос?..
“Настальгія і слёзы ў сваяцтва…”
3 пазіцыяй паэта-грамадзяніна стасуецца прафесійны занятак Міколы Антаноўскага – шматгадовая праца ў якасці рэдактара Пружанскай газеты “Раённыя будні”. Не раз ён пісаў аб праблемах зберажэння прыроды роднага краю. Створаны Антаноўскім дакументальны нарыс выліўся ў кнігу “Зялёная рапсодыя. Лясы і лесаводы Пружаншчыны” (2004), дзе галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца яго вялікасць Лес. Кніга Міколы Антаноўскага накіравана на выхаванне любові да прыроды роднага краю, гэта пэўны ўклад у справу экалагічнага выхавання падрастаючага пакалення. Кніга ўзнагароджана знакам Беларускага Саюза журналістаў “Залатое пяро”. У 2009 г. Мікола Антаноўскі першым сярод журналістаў вобласці стаў “Чалавекам года” Брэстчыны, яго публіцыстычная дзейнасць была адзначана прысуджэннем ганаровага звання “Заслужаны журналіст Беларусі”.
Творчасць Міколы Антаноўскага высока ацэньваецца літаратурнымі крытыкамі. У ёй цесна знітаваны два паэтычныя пласты: лірычны, накіраваны на разуменне душы чалавека і прыроды, і публіцыстычны, які складаецца з абвостраных думак пра наша сучаснае жыццё. Паэт не жадае назіраць, як разбураюцца духоўныя набыткі, страчваюцца духоўныя каштоўнасці, зыбкімі становяцца маральныя асновы грамадства.
Шмат душ
Са сляпымі вачыма;
Шмат сэрцаў
3 брыдою і тхлом...
Ці з’явіцца зноўку жанчына,
Цяжарная новым Хрыстом?
“Шмат душ са сляпымі вачыма…”
Светлая, шчырая паэзія Міколы Антаноўскага, нібы гаючы сок у наш трывожны час. Яна прасякнута вераю ў жыццё, у чалавека, у сваю зямлю, у свой народ. Паэт сцвярджае: пакуль ёсць дабрыня на свеце, ёсць і чалавек, але ўзамен гэты чалавек сам павінен дарыць іншым цяпло і пяшчоту сваёй душы. Уважлівы і ўдумлівы чытач, несумненна, атрымае асалоду ад чытання вершаў Міколы Антаноўскага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Пружанскай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.